SpaceX упершыню паспяхова вярнула на Зямлю шматразовы паскаральнік самай цяжкай ракеты «Старшып»

Спецыялісты называюць гэтую падзею гістарычнай — кампанія Ілана Маска выходзіць на прынцыпова новы ўзровень у касмічных палётах.

13.10.2024 / 22:05

Пасадка шматразовага паскаральніка самай цяжкай ракеты Starship на вежу. Фота: X

Інжынерам SpaceX удалося ўпершыню ў гісторыі пасадзіць паскаральнік на вежу. 69-метровы Super Heavy B12 паспяхова прызямліўся на стартавую пляцоўку пасля таго, як адправіў у космас самы цяжкі ў свеце карабель.

Liftoff of Starship! pic.twitter.com/WyNRN1fLbd

— SpaceX (@SpaceX) October 13, 2024

Ракету Starship S30 запусцілі з касмадрома ў Бока-Чыка ў Тэхасе ў 07:25 па мясцовым часе (15:25 па Мінску). Шматразовая прыступка Super Heavy B12 аддзялілася на вышыні каля 74 кіламетраў, а затым вярнулася на стартавы комплекс. Тамака яе захапіла вежа Mechazilla, адмыслова распрацаваная SpaceX для такога манеўру.

Каля 16:32 па мінскім часе карабель «Старшып» прывадніўся ў Індыйскім акіяне.

Mechazilla has caught the Super Heavy booster! pic.twitter.com/6R5YatSVJX

— SpaceX (@SpaceX) October 13, 2024

Аб значэнні гэтай аперацыі распавядае выданне The Insider са спасылкай на аналітыка ракетных пускаў, аўтара навуковых артыкулаў аб космасе і ракетабудаванні Георгія Трышкіна.

Паводле яго слоў, Starship не толькі самая цяжкая і магутная ракета ў гісторыі, але і першая патэнцыйна поўнасцю шматразовая сістэма, дзе і паскаральнік, і карабель будуць перавыкарыстоўвацца ў будучыні.

«Адзін з найважнейшых этапаў — гэта вяртанне паскаральніка Super Heavy — прататып пад індэксам B12 стаў першым, які вярнуўся з вышыні 95 км, пасля таго як паспяхова «закінуў» карабель Starship S30.

Канцэпт гэтага метаду пасадкі ўпершыню анансавалі тры гады таму, і тады ён здаваўся вар'ятам — практычна трахсоттонны паскаральнік павінен сесці на маніпулятары на вежы.

І вось праз тры гады мы нарэшце гэта ўбачылі пасля вялікай колькасці цяжкасцяў і адпрацовак. Прычым ён зрабіў гэта з першага разу. Усе рухавікі адпрацавалі бездакорна на ўсіх этапах палёту прычым як на караблі, так і на паскаральніку», — лічыць эксперт

Па словах Георгія Трышкіна, самы складаны момант у гэтай пасадцы — дакладнасць.

«З пункту гледжання пасадкі на маніпулятары, у якіх ёсць высоўныя рэйкі, дакладнасць не павінна выходзіць за рамкі паўметра. Па факце менш, а з пункту гледжання нахілу — не больш за 9 градусаў. Ну гэта значыць уявіце: паскаральнік з вышыні 95 км павінен ювелірна сесці на вельмі маленькую кропку на вежы».

Аналітык лічыць, што сённяшняя падзея — гістарычная.

«Гэтая пасадка ўвойдзе ў гісторыю, таму што яна першая ў сваім родзе — не толькі ў суперцяжкай класе, але і ў такім метадзе пасадкі. Кампанія SpaceX у сутнасці адзіная, хто рэгулярна вяртае паскаральнікі з космасу, і яны вышлі не проста на наступны ўзровень у параўнанні з канкурэнтамі, а сталі яшчэ на галаву вышэй.

Наступны палёт — місія Flight 6 — адбудзецца раней, чым праз 4,5 месяца, ліцэнзія пад яе ўжо ёсць. Чакаем навіны пра стан вежы, вельмі цікава, у якім стане будзе сам паскаральнік, якія дапрацоўкі будуць для наступнага, але гэтае самае ўнікальнае вяртанне ў гісторыі. Яшчэ ніколі паскаральнік ні такога класа, ні такой канструкцыі не здзяйсняў уваход у атмасферу, таксама на відэа відаць, як рухальны адсек гарыць з-за вельмі высокай хуткасці падчас уваходу ў атмасферу.

Пасадка шматразовага паскаральніка самай цяжкай ракеты Starship на вежу. Фота: твітар SpaceX

У бліжэйшыя гады плануецца запускаць па некалькі дзясяткаў разоў у год, гэта пяты палёт за паўтара года, па сутнасці ніколі так часта не запускаліся ракеты звышцяжкага класа нават у часы праграмы «Апалон». Пакуль складана казаць, колькі запланавана пускаў на наступны год, але відавочна больш за пяць.

І кампанія SpaceX ужо не проста сёння стала кампаніяй № 1 [у гісторыі ракетабудавання] — яна ёю ўжо з'яўляецца некаторы час як па колькасці пускаў (сёлета іх амаль 100), так і па колькасці выводнай нагрузкі: на SpaceX прыходзіцца амаль 90% выводнай нагрузкі сярод усіх краін і кампаній. Поспех Starship Super Heavy і менавіта праграмы распрацоўкі замацоўвае гэтую тэндэнцыю.

Канкураваць іншым кампаніям будзе вельмі цяжка, і яны будуць змушаныя цягацца з ракетай Falcon 9 у сярэднім ці цяжкім класе. На дадзены момант ніякай альтэрнатывы або аналага ў Starship, па сутнасці, няма.»

Nashaniva.com