Сабаленка наблізілася да першай ракеткі на адлегласць выцягнутай рукі

Абнавіўся рэйтынг Сусветнай жаночай асацыяцыі (WTA).

14.10.2024 / 07:03

Фота: Jimmie48/WTA

Арына Сабаленка пасля перамогі на турніры ва Ухані набрала 1000 рэйтынгавых балаў і зараз мае агулам 9716 балаў. У першай ракеткі свету Ігі Свёнтак — 9 785 балаў. Полька прапускала турніры ў Кітаі.

У амерыканак Коры Гаўф — 5973, у Джэсікі Пегулы — 5785 балаў.

Такім чынам беларуска адстае ад Свёнтак на 69 балаў і можа стаць першай ракеткай свету пасля Выніковага турніру ў Эр-Рыядзе, які пройдзе ў пачатку лістапада. 

Год таму Сабаленка была восем тыдняў першай ракеткай свету пасля US Open, але страціла гэта званне акурат пасля мінулагодняга Выніковага турніру, прайграўшы Свёнтак.

А ў чэмпіёнскай гонцы гэтага года Арына — першая, у яе 9091 бал, у Свёнтак — 8285.

Nashaniva.com