Спробы наведаць Марыю Калеснікаву ў Гомелі не прыносяць поспеху
Палітзняволеная застаецца ў рэжыме інкамунікада, і ніхто не ведае, які яе цяперашні стан здароўя і што з ёй адбываецца, нагадвае Радыё Свабода.
14.10.2024 / 12:35
Марыя Калеснікава ў судзе. Фота: Ramil Nasibulin/BelTA pool photo via AP, File
Апошні раз сваякі размаўлялі з Марыяй Калеснікавай 18 месяцаў таму. Пасля сувязь абарвалася, і з таго часу прыходзілі толькі навіны, са словаў іншых зняволеных, якія былі ў той самай гомельскай жаночай калоніі, пра просьбы Калеснікавай аб медычнай дапамозе.
Бацька палітзняволенай, Аляксандр Калеснікаў па тэлефоне расказаў карэспандэнту Associated Press, што спробы наведаць дачку ў Гомелі не прыносяць поспеху.
Паездка ў Гомель некалькі месяцаў таму зноў не дала плёну — ахоўнік на пытанні аб адсутнасці ўсякай сувязі адказаў: «Калі яна не тэлефануе і не піша, значыць, не хоча».
42-гадовая Марыя Калеснікава, як вынікала са словаў былой зняволенай, якая сядзела ў той самай калоніі, трапіла ў шпіталь у траўні або чэрвені. Але падрабязнасці невядомыя. Жанчына, якая перадавала гэтую інфармацыю, назвалася Наталляй, свайго сапраўднага імя не назвала, бо баіцца наступстваў і помсты ад уладаў.
«Я магу толькі маліцца Богу, каб яна была жывая. Улады ігнаруюць мае запыты на сустрэчы і лісты — гэта жудаснае адчуванне бездапаможнасці для бацькі», — сказаў Аляксандар Калеснікаў.
Апошні раз Калеснікава пісала з турмы ў лютым 2023 года. Лісты да яе «персанал калоніі рве на яе вачах», сказала яе сястра, перадаючы словы іншых былых зняволеных.