80-гадовы экс-афіцэр «Штазі» атрымаў 10 гадоў за забойства — у 1974 годзе ён застрэліў паляка, які збег з ГДР у ФРГ

Былы спецслужбіст да апошняга захоўваў маўчанне.

14.10.2024 / 14:17

Ілюстрацыйнае фота: Bundesarchiv, Bild 173-1282 / Helmut J. Wolf / CC-BY-SA 3.0, CC BY-SA 3.0 de / Wikimedia Commons

У Германіі 80-гадовы былы афіцэр «Штазі» атрымаў 10 гадоў турмы за забойства паўвекавой даўнасці. Прысуд Манфрэду Н. вынес суд у Берліне, піша Bild.

Пенсіянера абвінавачвалі ў тым, што ў 1974 годзе на мяжы Усходняга і Заходняга Берліна ён застрэліў 38-гадовага паляка Чэслава Кукучку, які хацеў бегчы ў ФРГ.

31-гадовы лейтэнант «Штазі» стрэліў яму ў спіну, калі Чэслаў ужо атрымаў адзнаку ў пашпарце і ішоў з ГДР у ФРГ. За гэта Манфрэда Н. не толькі не пакаралі: яго павысілі да «кіраўніка аператыўнай групы» па «тэрарыстычных сітуацыях у прыгранічнай зоне». У афіцыйных справаздачах гаварылася, што Кукучка хацеў падарваць бомбу.

Усе апошнія гады былы спецслужбіст ціха жыў у прыватным доме пад Ляйпцыгам. Пракуратура зацікавілася Манфрэдам яшчэ ў 1990-я гады пасля аб'яднання Германіі, аднак тады не сабрала дастатковых доказаў.

Супазоўшчыкамі разам з германскай пракуратурай выступілі дзеці і сястра забітага. Сведкамі-школьнікі з Гесэна, якія пераходзілі мяжу тады ж і бачылі забойства. Гучны працэс доўжыўся з 14 сакавіка. Пенсіянер да самага канца захоўваў маўчанне і адмаўляў усе абвінавачванні.

Nashaniva.com