Беларускі спявак, які хацеў «замуж за Бузаву», прысвяціў песню Лукашэнку і Пуціну

Герман Цітоў вырашыў зрабіць прыемна адразу двум дыктатарам і прысвяціў песню Лукашэнку і Пуціну оптам. 

14.10.2024 / 22:04

Герман Цітоў. Фота з яго інстаграму

Артыст не ўпершыню спявае ідэалагічныя прызнанні ў любові. Напярэдадні дня нараджэння Лукашэнкі Цітоў запісаў для таго песню «Бацька». Аўтаркай тэксту стала паэтка Валянціна Хлань, а музыку напісаў сам Герман. Але цяпер ліслівасць артыста выйшла на новы — саюзнадзяржаўны — узровень.

Крыху дзіўна, што для прэм'еры Цітоў абраў Дзень маці.

Пачынае спявак з лозунга, які ў розных варыяцыях апошнім часам лукашэнкаўцы актыўна выкарыстоўваюць на мерапрыемствах — «время выбрало их» (напрыклад, сёлета патрыятычны форум назвалі «Час выбраў нас. 30 гадоў пад знакам якасці»).

Герман з максімальна сур’ёзным тварам акампаніруе сам сабе і спявае рандомны набор кампліментарных слоў Лукашэнку і Пуціну, у якіх «идеи и цели едины». Састарэлыя палітыкі ў песні «у света всего на виду» вядуць народы да святла.

Такая у них работа,
Такая у них порода —
Из СССР они родом,
Лидеры из народа.

У прыпеве размова ідзе пра тое, што Беларусь і Расія вядуць за сабой свет і стаяць за мір гарой. А ў канцы артыст спявае: «два президента от бога…».

@germantitovmusic Герман Титов «Лукашенко и Путин» #лукашенко #батька #путин #беларусь #минск #германтитов ♬ оригинальный звук - Герман Титов

У слухачоў узнікаюць пытанні наконт сэнсу слоў. Нехта спытаў: «Память — их аргументы». Растлумачце гэтую фразу». На падмогу спеваку паспяшаўся пусты акаўнт: «А што тут разумець. Яны памятаюць, дзякуючы каму мы жывём, памятаюць бацькоў, дзядоў, тых, хто ваяваў за будучае нашае жыццё. За зямлю. За народ». Герману знойдзены сэнс спадабаўся. «Усё так», — лаканічна пацвердзіў артыст.

Нагадаем: сапраўднае імя Германа Цітова — Дзмітрый Карпінчык. Ён з Кобрына. У 2005 годзе малады спявак перамог у праекце тэлеканала СТБ «Зорны дыліжанс».

А псеўданім у свой час вырашыў узяць праз крыўдную гісторыю на «Славянскім базары»:

«Вядучы пачаў аб'яўляць мяне — «Дзмітрый…», як тысячная зала тут жа хорам працягнула за ім далей: «Калдун!». На той момант мы абодва былі выпускнікамі «Зорнага дыліжанса», і нас часта блыталі. Таму трэба было прыдумаць нейкі запамінальны псеўданім».

Спявак сцвярджаў, што імя Герман яму даў прадзюсар, а прозвішча дасталася яму па мамінай лініі.

У 2018 годзе Герман Цітоў удзельнічаў у шоу ТНТ «Замуж за Бузаву». Хаця потым сцвярджаў, быццам не сам даслаў заяўку ў Маскву, а яго каманда вырашыла дапамагчы знайсці каханне. У любым выпадку, пакінуць праект беларусу прыйшлося ў самым першым выпуску.

«Божа, дай здароўя, Бацька дарагі». Спявак Герман Цітоў запісаў песню для Лукашэнкі

«Батька у нас крутой, в мире один такой». Лукашэнку прысвяцілі чарговую крынджовую песню

«На руках нясе наш народ». Праўладная спявачка прысвяціла песню Лукашэнку

«Далась тебе вот эта Польша, в РБ зарплата больше». Штучны інтэлект напісаў прапагандысцкі хіт

Nashaniva.com