Што такое сезон «хоа-хоа-хоа»?
Трэнд запусцілі фанаты вядомай сагі пра вампіраў «Змярканне».
14.10.2024 / 18:03
На прасторах TikTok яшчэ ў мінулым годзе сталі з'яўляцца ролікі пад саўндтрэк з першай часткі сагі «Змярканне» — песню Blue Foundation «Eyes On Fire». Фанаты фільма лічаць, што песня ідэальна перадае адчуванні восеньскага надвор'я.
У сваіх роліках аўтары дэманструюць змрочныя восеньскія пейзажы, акцэнтуючы ўвагу на халодным надвор'і, пахмурным небе, туманных і дажджлівых днях, гарадскіх меланхалічных сцэнах.
Такім чынам яны імкнуцца перанесці настрой фільма ў рэальнасць. Рэфрэнам гучаць словы «whoa whoa whoa» з песні, якія і сталі сінонімам восені і меланхалічнага настрою.
У гэтым годзе з прыходам восені «хоа-хоа-хоа» стала сапраўдным трэндам. Instagram і TikTok напоўнены змрочнымі фота і відэа.
Фота: uwc_ru / Instagram
Не абыходзіцца і без хатніх жывёлаў, якіх пераапранаюць у вампіраў.
Іншыя проста дэманструюць, як кутаюцца ў цёплыя світары, п'юць гарачую каву ці гарбату і рыхтуюцца да прагляду фільма ва ўтульнай хатняй абстаноўцы.
Калі для фанатаў «Змяркання» цяперашняе надвор'е — нагода перагледзець сагу, то для астатніх гэты трэнд — магчымасць інакш зірнуць на змрочную пару года і адчуць яе хараство.
Трэнд падхапілі буйныя кампаніі. Так, IKEA выпусціла сваю рэкламу пад трэк з фільма.
Скарыстацца «хоа-хоа-хоа» сезонам рашыў і брэнд тэрмакубкаў, каб прарэкламаваць сябе.
У каментарах людзі пішуць, што чакаюць наступлення «сезона Гары Потэра».
Наеліся публічнасці: людзі моцна змянілі свае паводзіны ў сацсетках
Астапеня патлумачыў, чаму наступная рэвалюцыя будзе рэвалюцыяй тыктоку
Беларускі настаўнік узарваў тыкток, сыграўшы хіт Despacito на балалайцы