Якія тавары ад сёння больш нельга прывезці ў Беларусь
У Беларусі пачала дзейнічаць забарона на ўвоз тавараў з «недружалюбных краін». Пералік яшчэ 28 жніўня пашырыў прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка, а 15 кастрычніка пастанова ўступіла ў сілу.
15.10.2024 / 10:40
Цяпер у Беларусь нельга ўвозіць з пэўных краін поліэтылен высокага ціску, шынную прадукцыю, пліты OSB, фанеру, сталярскія і цяслярскія вырабы, санітарна-гігіенічныя, паперу і кардон, у тым ліку гафрыраваныя, рыззё, шкловалакно, уключаючы шклавату, нагадвае Tochka.by.
Таксама стаў дзейнічаць пералік забароненых тавараў з Польшчы, Чэхіі, Літвы, Латвіі і Эстоніі.
У спіс трапілі:
- сумкі і валізкі
- шпалеры
- плітка керамічная
- санітарна-тэхнічныя вырабы
- халадзільнікі
- маразільнікі і іншае халадзільнае або маразільнае абсталяванне
- пральныя машыны
- падгузнікі і пялёнкі.
Падпісаная пастанова, як удакладнілі ва ўрадзе, — мера ў адказ на прынятыя Еўрапейскім саюзам пастановы аб пашырэнні з 1 ліпеня 2024 года санкцый у дачыненні да Беларусі.
***
У красавіку 2022 года ўрад зацвердзіў «спіс недружалюбных краін». У яго ўвайшлі Аўстралія, прадстаўнікі Еўрасаюза, Канада, Ліхтэнштэйн, Нарвегія, Новая Зеландыя, Албанія, Ісландыя, Паўночная Македонія, Вялікабрытанія, ЗША, Чарнагорыя і Швейцарыя.
Саўмін неаднаразова забараняў пастаўкі многіх тавараў з гэтых дзяржаў. Да прыкладу, 8 жніўня 2024 года ў пералік унеслі жывых свіней, рагатую жывёлу, малако і малочную прадукцыю, бульбу, рэпчатую цыбулю, свежую белакачанную капусту, моркву, буракі, арэхі, яблыкі, маргарын.
Туды ж дадалі і нехарчовыя тавары. У іх ліку апынуліся цэмент, мінеральныя, хімічныя і азотныя ўгнаенні, сталовы і кухонны посуд.