На мытні затрымалі буйную партыю крыптакашалькоў

У пункце пропуску «Брэст» у мікрааўтобусе грамадзяніна Беларусі мытнікі выявілі 95 незадэклараваных кашалькоў для крыптавалюты. Яны былі схаваныя ў аўтамабілі.

15.10.2024 / 12:10

Электронныя прылады для захоўвання ключоў доступу да акаўнтаў на крыптавалютных біржах мытнікі ацанілі ў 44 тысячы рублёў, паведамляе Мытны камітэт.

Яны канфіскаваныя, як і аўтамабіль, на якім яны перавозіліся.

Сам кіроўца (ён ехаў праз зялёны канал) растлумачыў, што крыптакашалькі яго папрасілі правезці ў Беларусь незнаёмыя людзі.

У Беларусі з 20 верасня запрацаваў указ «Аб звароце лічбавых знакаў (токенаў)», які забараняе фізічным асобам купляць і прадаваць крыптавалюту па-за беларускімі крыптабіржамі або крыптаабменнікамі.

Nashaniva.com