Ілан Маск увёў публіку ў зман, бо яго робаты кіраваліся людзьмі — Bloomberg
Нядаўняя выстава прадукцыі кампаніі Tesla Ілана Маска, якая паказала публіцы і інвестарам новыя беспілотныя аўтамабілі і робатаў, азмрочылася тым фактам, што прасунутыя рухі цела «самастойных» гуманоідаў Optimus насамрэч аддалена рэгуляваліся супрацоўнікамі Tesla, пра што Маск змаўчаў.
15.10.2024 / 23:01
Робаты-гуманоіды Optimus на нядаўняй выставе кампаніі Tesla «We, Robot» і кіраўнік кампаніі Tesla Ілан Маск. Фота: Tesla, Dimitrios Kambouris / Getty Images
Выданне The Bloomberg са спасылкай на супрацоўнікаў кампаніі Tesla даведалася, што прадстаўленыя на нядаўняй выставе мільярдэрам Іланам Маскам робаты-гуманоіды Optimus насамрэч аддалена кіраваліся людзьмі.
Маск на прэзентацыі We, Robot заявіў, што робаты Optimus, якія будуць каштаваць да 30 тысяч даляраў (амаль 96 тысяч беларускіх рублёў), з'яўляюцца аўтаномнымі пад кіраваннем штучнага інтэлекту і «ў недалёкай будучыні змогуць рабіць усё што заўгодна»: выгульваць сабаку, насіць пасылкі, паліваць расліны, наглядаць за дзецьмі, падстрыгаць газон, падаваць напоі і г.д.
На самой выставе некалькі гатовых экзэмпляраў Optimus танцавалі, разлівалі напоі для гасцей, давалі людзям руку і нават гулялі з імі ў камень-паперу-нажніцы.
Як аказалася, штучны інтэлект кантраляваў выключна хадзьбу робатаў, а астатнія функцыі — аператыўныя галасавыя адказы, жэстыкуляцыю, танцавальныя рухі і гульні — рэгуляваліся супрацоўнікамі Tesla, якія не знаходзіліся на выставе, расказалі Bloomberg крыніцы з кампаніі Tesla, блізка знаёмыя з сітуацыяй.
Адзін з робатаў-гуманоідаў Optimus за барнай стойкай падчас выставы We, Robot ад Tesla. Фота: Tesla
Аднак, нягледзячы на ўсё гэта, інвестары і эксперты ў цэлым засталіся незадаволеныя прэзентацыяй, дзе паказалі не толькі робатаў Optimus, але і новыя беспілотныя аўтамабілі Cybercab і Robovan. Па іх словах, усё, што яны ўбачылі, адносіцца да доўгатэрміновай перспектывы, а па сутнасці на сёння не было прапанавана нічога канкрэтнага.
Спецыялісты лічаць, што асартымент наяўнай прадукцыі Tesla састарэў і што новая выстава мала што змяніла ў непразрыстых сярэднетэрміновых перспектывах прыбытку.
Ілан Маск даўно імкнецца стаць першым бізнэсменам, які напоўніць вуліцы гарадоў таксі-беспілотнікамі, але дагэтуль яму не ўдавалася перайсці ад слоў да спраў. Упершыню ён публічна загаварыў пра свае планы амаль 10 гадоў таму, паабяцаўшы, што да канца 2017 года амерыканцы змогуць карыстацца паслугамі робатаксі. У 2019 годзе ён заявіў, што да 2020-га на дарогах ЗША будзе адзін мільён такіх аўтамабіляў.
У 2024 Маск зноў запэўніў інвестараў, што ўжо ў наступным годзе таксі-беспілотнікі могуць стаць даступнымі ў Тэхасе і Каліфорніі, калі рэгулюючыя органы не будуць ствараць перашкоды. Тым часам мільярдэр паабяцаў, што масавая вытворчасць і продаж цалкам аўтаномных робатаў Optimus адбудзецца ў бліжэйшай будучыні.
Ілан Маск выступіў у падтрымку Трампа на перадвыбарчым мітынгу ў Пенсільваніі
Сакрэтная служба ЗША ўсур'ёз занялася Іланам Маскам. Усё з-за аднаго твіта