Астапеня назваў тры памылкі беларускай апазіцыі

Адным са шкодных учынкаў палітолаг лічыць тое, што пры пашкоджанні расійскага самалёта А-50 «выкарысталі імя беларусаў дзеля нейкіх сваіх мэтаў».

16.10.2024 / 07:00

Заснавальнік Цэнтра новых ідэй, палітолаг Рыгор Астапеня ў новым выпуску ТОКу расказаў, якія асноўныя памылкі ў дзейнасці беларускай апазіцыі ён бачыць.

Першую праблему Астапеня вобразна акрэслівае як «не разабраліся, дзе педалі».

«Калі сядаеш у машыну, трэба спачатку разабрацца, як працуюць педалі. Я думаю, што ў дэмакратычнага руху былі пэўныя цяжкасці з гэтым», — гаворыць аналітык і пераходзіць да падзей 2020 года.

«Калі вы рэвалюцыянер (рэвалюцыянерка), трэба адпаведна прачытаць не чат аналітыкаў Ціханоўскай, а кніжкі Леніна ці Маркса, каб даведацца, што ў рэвалюцыйнай сітуацыі цісне на газ. І займайся тэлеграфамі, мастамі і гэтак далей. У рэвалюцыйнай сітуацыі трэба, канешне, ціснуць. Проста, я думаю, шмат у чым у дэмакратычнага руху ёсць пачуццё, што рэвалюцыйная сітуацыя прыходзіць на раз-два. (…) Яно так не працуе.

Таму, адпаведна, калі сышла рэвалюцыйная сітуацыя, то шмат у каго было пачуццё, што нам трэба ў яе вярнуцца, трэба неяк спрабаваць яе перайграць. І гэта, канешне, не працуе. Калі ты выйшаў з рэвалюцыйнай сітуацыі, ты не можаш жыць па тых жа правілах».

На погляд аналітыка, вялікую шкоду нанеслі спробы эскалацыі з боку дэмакратычнага руху. У якасці прыкладу ён прыводзіць сітуацыю з пашкоджаннем каштоўнага расійскага самалёта А-50, калі Азараў заявіў, што гэта справа рук беларускіх партызан. Астапеня адзначае, што такімі дзеяннямі падставілі людзей, якія былі падпісаны на план «Перамога» («іх імя выкарыстоўваюць дзеля нейкіх сваіх мэтаў, яны на гэта не падпісваліся»), у краіне ўзмацніліся рэпрэсіі. У сваю чаргу сілавыя ведамствы атрымалі дадатковае фінансаванне на тое, каб купіраваць пагрозы рэжыму.

«У сухім астатку мы маем павелічэнне ролі сілавікоў, удар па ўласных людзях, удар на міжнароднай арэне», — рэзюміруе Астапеня.

Іншы прыклад — заявы аб тым, што на Беларусь могуць зайсці падраздзяленні беларускіх добраахвотнікаў.

«Гэта наогул дзіўна, што ў нас у медыя людзі прыходзяць і гавораць: «Мы збіраемся зрабіць дзяржаўны пераварот». Калі ты збіраешся яго зрабіць, ты не прыходзіш у тэлік і не кажаш: «Уключайце камеры, зараз у мяне будзе важная заява». То-бок, усё, што ты робіш у гэты момант, ты проста павялічваеш бюджэт сілавых ведамстваў».

Другая памылка, якую адзначае аналітык, — гэта неразуменне, як правесці змены ў Беларусі.

«Шырокія эканамічныя санкцыі, канстытуцыйная рэформа ад Уладзіміра Пуціна, народны ўльтыматум, заход з Украіны ў Беларусь нейкіх атрадаў. Увесь час ідзе як бы працэс выдумвання нейкай палкі-ратавалкі, якая раптам усё зменіць. Цяпер пра ордэр у Гаагу размовы ідуць. Усё гэта вельмі дзіўна. (…)

Ёсць процьма відавочных пытанняў: што вы прапануеце людзям? Як вы збіраецеся сілавікоў перацягваць на свой бок? Пазітыўны парадак дня, пра які кажуць чатыры гады, што будуць займацца, — ім ніхто ніколі не займаўся.

У такіх умовах, калі ты ўвесь час выдумляеш для сябе нейкія палкі-ратавалкі, табе досыць складана брацца за нейкія канкрэтныя крокі, якія могуць прынесці [карысць] тут і цяпер. Таму што ты нібыта займаешся змаганнем з рэжымам і не бачыш, што адбываецца».

«Дэмакратычны рух не прыярытызаваў тэму палітвязняў, таму што ён у гэты момант займаўся ордэрам з Гаагі», — лічыць Астапеня.

На яго думку, тэма санкцый і палітвязняў не могуць ісці ў звязцы:

«Калі ты хочаш выдзеліць [тэму] палітзняволеных, табе трэба, каб хтосьці ўзяў і пазваніў Аляксандру Лукашэнку. Ніхто не хоча званіць, калі ты ўвесь час кажаш, што Аляксандр Лукашэнка нелегітымны. (…)

Таму для людзей гэта не прыярытэт. Калі ты прыходзіш на сустрэчу і кажаш: «У мяне толькі адна задача — вызваленне палітвязняў», — то тады зразумела, што людзі пачынаюць інакш пра гэта думаць. Тады — «Окей, давайце будзем шукаць варыянты, якім чынам можна гэта зрабіць. Можна таксама падумаць пра санкцыі, якія з іх балючыя, якія не балючыя». У любым разе — ёсць адна тэма, якую ты можаш вырашаць».

Трэцяй памылкай аналітык называе «пытанне большасці».

На яго погляд, каб мы пабачылі нейкія ўстойлівыя змены ўнутры Беларусі, неабходна, каб дэмакратычны рух меў падтрымку большасці насельніцтва.

Задачу дэмакратычнага руху аналітык бачыць у заваяванні прыхільнасці асноўнай масы людзей — «нейтралаў», якія сітуатыўна пераходзяць на адзін ці другі бок у залежнасці ад таго, як складваюцца падзеі. Пры гэтым важна разумець, што ў гэтай групы ёсць уласныя эканамічныя інтарэсы. І, напрыклад, санкцыі не могуць быць падтрыманы большасцю, бо гэта ім супярэчыць:

«Беларусь — бедная краіна. Беларусы не могуць сабе дазволіць яшчэ большай беднасці. І таму яны не будуць падтрымліваць нейкія крокі, якія будуць супярэчыць гэтаму інтарэсу».

Глядзіце цалкам: 

Астапеня ацаніў, колькі беларусаў падтрымлівае бел-чырвона-белы сцяг

Астапеня: Мы перараслі той момант, калі думалі, што Беларусь будзе беларускамоўнай

Астапеня прапанаваў, як ціхенька пазбавіцца ад помнікаў Леніну

Астапеня: Адбываецца пэўная трансфармацыя рэжыму ў Беларусі

Nashaniva.com