Затрыманы ў Беларусі палітвязень з Расіі выйшаў на волю

Аляксей Маскалёў, бацька школьніцы Машы, якая намалявала антываенны малюнак, выйшаў на волю з калоніі ў Навамаскоўску Тульскай вобласці.

15.10.2024 / 13:04

Скрын відэа

Ля варотаў яго чакала дачка, якая, нягледзячы на ​​расстанне і цяжкія абставіны, прыйшла падтрымаць бацьку. Гэтая падзея прыцягнула да сябе нямала журналістаў, якія асвятлялі гісторыю Маскалёвых ад самага пачатку, паведамляе Расійская служба Радыё Свабода.

Маскалёў стаў вядомым пасля таго, як яго 13-гадовая дачка ў 2022 годзе намалявала ў школе малюнак з антываеннай тэматыкай. На ім была жанчына з украінскім сцягам, якая абараняе дзіця ад ракет, што выклікала рэзананс. Дырэктар школы, відаць, палічыў гэта парушэннем і звярнуўся ў паліцыю. Неўзабаве ў кватэры Маскалёвых правялі вобшук, пасля якога пачаліся праблемы з праваахоўнымі органамі.

Аляксея Маскалёва абвінавацілі ў дыскрэдытацыі расійскай арміі, а пасля арышту Машу адправілі ў прытулак. Пазней яе перадалі маці, якая даўно не жыла з сям'ёй і не займалася выхаваннем дзяўчынкі. 

Маскалёва прысудзілі да двух гадоў калоніі, але на абвяшчэнне прысуду ён не прыйшоў, збегшы з-пад хатняга арышту. На наступны дзень мужчыну затрымалі ў Беларусі і збілі.

Nashaniva.com