Маркаў: Нас будуць закідваць «экстрэмісцкай літаратурай», каб мозг станавіўся больш мяккім

Міністр інфармацыі паабяцаў імгненна блакаваць усё, што супярэчыць інтарэсам дзяржавы ў яго разуменні.

15.10.2024 / 14:49

Марат Маркаў. Фота: БелТА

Марат Маркаў на пасяджэнні Рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы заявіў, што Мінінфарм будзе працаваць строга і хутка ў дачыненні да «няправільных» у яго разуменні рэсурсаў.

Маркаў лічыць, што перад выбарамі-2025 у інтэрнэце з'явіцца шмат літаратуры, якую ён лічыць экстрэмісцкай, піша БелТА.

«Маніторынг таго, што адбываецца на нашай інфармацыйнай прасторы, — рэч пастаянная і актуальная, асабліва напярэдадні выбараў. І зразумела, што нас будуць закідваць максімальнай колькасцю экстрэмісцкай літаратуры. Старацца, каб, ведаеце, «мозг станавіўся больш мяккім» у асобных прадстаўнікоў. І, натуральна, будуць выкарыстоўваць і інтэрнэт-рэсурсы для таго, каб экстрэмісцкую інфармацыю ўкідваць у інфармацыйнае поле краіны», — мяркуе Маркаў.

Ён заявіў, што закон дазваляе Мінінфарму самастойна блакаваць усе непажаданыя яму рэсурсы.

«І адразу скажу вам дастаткова эксклюзіўна, закон аб сродках масавай інфармацыі дае сёння Міністэрству інфармацыі ўсе паўнамоцтвы для таго, каб самастойна прымаць рашэнні па літаратуры і па тых рэсурсах, якія размяшчаюць інфармацыю, якая супярэчыць інтарэсам дзяржавы. І ў дачыненні да такіх рэсурсаў і такой літаратуры мы будзем працаваць вельмі жорстка і вельмі хутка», — дадаў Маркаў.

Nashaniva.com