На лыжні Лукашэнка застаецца непераўзыдзеным

А вось КДБ, Памежны, Мытны камітэты, Камітэт дзяржкантролю і нават Службы бяспекі прэзідэнта адсталі.

20.02.2010 / 16:25

Каманда Лукашэнкі ўпэўнена перамагла на эстафеце «Менская лыжня — 2010».
Спабор прайшоў у суботу ў Раўбічах ля сталіцы. Другое месца заняла каманда Міністэрства спорту й турызму. На трэцім у гэты раз — зборная Міністэрства абароны. Відна, прыход туды генерала Жадобіна належна ўстрахнуў кадры ведамства. А вось КДБ, Памежны, Мытны камітэты, Камітэт дзяржкантролю і нават Службы бяспекі прэзідэнта адсталі. Нават дзіўна: як жа яны ахоўвалі Лукашэнку на дыстанцыі, калі ён бегае хутчэй за іх?

Варта адзначыць, што паводле правілаў замыкаць гонку мусіў кіраўнік адпаведнага ведамства ці ягоны намеснік. А ў камандзе Лукашэнкі першымі беглі біятланісты Уладзімір Чапелін, Сяргей Булыгін й Людміла Ананька.

Сяргей Гезгала