ГУБАЗіК пагражае Максу Каржу

У сваім тэлеграм-канале ГУБАЗіК паведаміў, што патэлефанавалі спеваку Максу Каржу і выклікалі яго на гутарку. Нагодай для гэтага стаў нібыта «шэраг скаргаў».

15.10.2024 / 17:52

Макс Корж. Фота: Wikimedia Commons

Сілавікі незадаволены тым, што на яго канцэртах некаторыя людзі ўздымаюць бчб-сцягі, а самога Каржа вінавацяць у падтрымцы Украіны ў вайне.

Цяпер спявак, як сцвярджаецца, за мяжой, ён не затрыманы. Апошнія канцэрты артыста былі ў іншых краінах.

Макс Корж — адзін з самых вядомых беларускіх спевакоў. Апошнія гады ён не выступаў у Беларусі, бо яго ўнеслі ў чорны спіс. Праз сваю антываенную пазіцыю артыст не можа даваць канцэрты і ў Расіі, дзе ў яго вялізная аўдыторыя.

У 2022 годзе пасля пачатку вайны ён выпусціў песню «Свой дом». Там ёсць наступныя радкі: «Тот прав, кто защищает свой дом». У другія ўгодкі вайны прэзентаваў песню «Халодная раніца»

У ліпені 2024 на канцэрце ў Таліне ён заклікаў спыніць вайну. ««Можна жыць у кайф, але пакуль мы не спынім вайну, паўнавартасна жыць у кайф у нас не атрымаецца. Спыніце вайну. Ніхто, акрамя нас, яе не спыніць», — заявіў са сцэны артыст.

Nashaniva.com