Беларус вёз у Еўрасаюз рэкордную партыю кантрабандных цыгарэт — на 2,6 млн еўра
Мужчына сцвярджаў, што вязе мэблю, аднак у машыне знайшлі цыгарэты ў скрынках з-пад печыва.
16.10.2024 / 13:01
Фота: lrmuitine.lt
Літоўскія мытнікі затрымалі на мяжы з Польшчай рэкордную партыю кантрабандных цыгарэт беларускай вытворчасці.
11 кастрычніка памежнікі і супрацоўнікі Каўнаскай тэрытарыяльнай мытні спынілі на трасе E67 Хельсінкі — Прага грузавік Mercedes Benz, якім кіраваў грамадзянін Беларусі.
Хоць кіроўца сцвярджаў, што вязе мэблю ў Заходнюю Еўропу, афіцэры былі здзіўлены тым, што два заднія паддоны ўнутры паўпрычэпа былі загружаныя зусім не мэбляй, а скрынкамі з печывам, паведамляюць літоўскія мытнікі.
Для дадатковага агляду машыну адправілі на бліжэйшую запраўку. Высветлілася, што пад печыва былі замаскіраваныя кантрабандныя цыгарэты — усяго 575 тысяч пачкаў на 2,6 млн еўра. Гэта рэкордная партыя кантрабандных цыгарэт, затрыманая ў 2024 годзе.
Грузавік і груз былі затрыманыя, кіроўца-беларус арыштаваны на тры месяцы па рашэнні Каўнаскага раённага суда.