Поўдзень Афрыкі ахапіў наймацнейшы за дзесяцігоддзі крызіс харчавання

Пяць краін ужо абвясцілі пра нацыянальнае бедства з-за засухі і голаду.

16.10.2024 / 13:44

Дзеці ў Зімбабвэ. AP Photo/Aaron Ufumeli/File

Шматмесячная засуха выклікала наймацнейшы за дзесяцігоддзі харчовы крызіс на поўдні Афрыкі — з голадам могуць сутыкнуцца больш за 27 мільёнаў чалавек, заявіла Сусветная харчовая праграма, паведамляе Радыё Свабода.

«Чакаецца, што кожны месяц будзе горшым за папярэдні ажно да збору ўраджаю ў сакавіку і красавіку наступнага года. Цяперашні ўраджай не атрымаўся, быдла гіне, а дзецям шанцуе на адно кармленне ў дзень», — сказаў прадстаўнік арганізацыі Томсан Фіры.

Пяць краін — Лесота, Малаві, Намібія, Замбія і Зімбабвэ — ужо абвясцілі пра нацыянальнае бедства з-за засухі і голаду. Яны звярнуліся па міжнародную дапамогу, паведамляе Associated Press. Таксама сур'ёзна пацярпелі прылеглыя да іх Ангола і Мазамбік, адзначыў Фіры.

Раней паведамлялася, што перыяд са студзеня па сакавік у рэгіёне была самая моцная засуха за апошнія сто гадоў, якая знішчыла пасевы і прадукты харчавання для мільёнаў людзей. Навукоўцы звязваюць засуху з прыроднай з'явай Эль-Ніньё — павышэннем тэмпературы экватарыяльных вод Ціхага акіяна — і антрапагенным змяненнем клімату, якія ўзмацняюць наступствы бедстваў. Эль-Ніньё сфармаваўся летам 2023 года і спыніўся ў чэрвені гэтага.

Фіры адзначыў, што Сусветная арганізацыя харчавання пачала аказваць харчовую дапамогу пацярпелым краінам, але адчувае сур'ёзнае недафінансаванне: з неабходных 369 мільёнаў даляраў арганізацыя атрымала толькі крыху больш за 70.

У той жа час, адзначыў Фіры, голад у Афрыцы выліўся ў перыяд «растучых глабальных патрэбаў»: гуманітарная дапамога неабходная таксама ў Газе, Судане і іншых краінах.

Nashaniva.com