У Гомелі за карупцыю судзяць «ганаровага гомсельмашаўца»
У Гомелі разглядаюць чарговую карупцыйную справу. З апублікаванай інфармацыі можна меркаваць, што абвінавачаны Анатоль Мітраховіч працаваў кіраўніком на «Гомсельмашы», піша «Флагшток».
16.10.2024 / 17:31
Анатоль Мітраховіч у дзень выхаду на пенсію. Фота: gomselmash_life
У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля праходзіць разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Мітраховіча Анатоля Адамавіча. Мужчына абвінавачваецца па арт. 430 ч. 2 КК РБ «Атрыманне хабару». Максімальнае пакаранне, якое пагражае абвінавачанаму, — 10 гадоў пазбаўлення волі.
Выпіска з раскладу суда Цэнтральнага раёна Гомеля
Анатоль Адамавіч Мітраховіч з'яўляецца поўным цёзкам былога галоўнага тэхнолага завода самаходных камбайнаў ААТ «Гомсельмаш». Спалучэнне даволі рэдкіх імя па бацьку і прозвішча паказваюць, што пад суд трапіў менавіта былы кіраўнік завода, піша «Флагшток».
Год таму Анатоля Мітраховіча з пашанай адправілі на пенсію. Ветэран «Гомсельмаша» прапрацаваў на заводзе 52 гады. Яму было прысвоена званне «Ганаровага гомсельмашаўца».
Галоўным тэхнолагам завода самаходных камбайнаў Мітраховіч стаў яшчэ ў 1989 годзе. Апошнія тры гады ён займаў пасаду вядучага спецыяліста ва ўпраўленні галоўнага тэхнолага.
Судовы працэс за атрыманне хабару праз год пасля выхаду на пенсію можа сведчыць пра тое, што следчыя расследуюць дзейнасць экс-кіраўніка ў папярэднія гады.
Затрымалі трох топ-чыноўнікаў з Беларускай чыгункі
Лукашэнка памілаваў экс-кіраўніка сваёй аховы Уцюрына
З «Белшыны» знялі еўрапейскія санкцыі, але яна працягвае працаваць на расійскую ваенную машыну