Беларус расказаў, як сфатаграфаваўся на вуліцы з Церцелем

А пасля выклаў здымак са старшынёй КДБ у інстаграм.

16.10.2024 / 22:18

Старшыня КДБ Іван Церцель і Дзмітрый Касарэўскі. Фота: архіў Касарэўскага

Дзмітрый Касарэўскі з Барысава чатыры гады жыве ў ЗША. У сакавіку гэтага года ён упершыню з моманту ад'езду наведаў Беларусь. Як расказвае мужчына, у адзін з дзён ён сустракаўся са сваім сябрам недалёка ад будынка КДБ у Мінску.

А далей было дзіўнае.

«Я гляджу, з боку Дома ўрада ідзе начальнік нашага КДБ Іван Станіслававіч [Церцель] з нейкім міністрам. Я такі: «Добры дзень, а можна з вамі сфатаграфавацца?» Ён такі глядзіць: «Малады чалавек, а вы хто?» Я кажу: «Вось, я беларус, прыехаў дахаты. Гэта мой сябар з Іжэўска». Ён такі: «Ну давайце». Мы з ім фатаграфуемся»,

— расказаў Касарэўскі ў інтэрв'ю праграме «Скажінемолчі» на БТ.

Мужчына выклаў гэты здымак у інстаграме і падпісаў: «Іван Станіслававіч вельмі знакаміты чалавек у Беларусі».

У Беларусі Касарэўскі меў турыстычны бізнэс. Але ў час пандэміі яго згарнуў і паехаў у Злучаныя Штаты, куды яго на працу на некалькі месяцаў запрасіў сябар. «Трыбуна» пісала, што ў яго беларускай фірмы былі даўгі. Сам Касарэўскі на БТ не адмаўляе гэта:

«Гэта было ў кампаніі абавязацельства. Я як дырэктар вырашыў не кідаць людзей, каб не давесці да галечы кампанію, а са сваёй кішэні выплачваць. Я літаральна за паўгода, як з турмы выйшаў, разлічыўся з людзьмі».

У турму, пра якую ён кажа, мужчыну пасадзілі па прылёце ў Нью-Ёрк. Касарэўскі прыбыў у краіну па турыстычнай візе, а міграцыйная служба падчас праверкі ягонага тэлефона знайшла перапіску аб працы — гэта і стала прычынай затрымання. У выніку ў аэрапорце ён трапіў у міграцыйную турму і чакаў дэпартацыі. Але праз нейкі час змог выйсці.

Касарэўскі згадвае, што з турмы яго выпусцілі з бранзалетам на назе, які абмяжоўваў ягоныя перамяшчэнні адлегласцю ў 50 кіламетраў. У першыя ж дні на свабодзе ён напісаў пост у групе ў Facebook, якая аб'ядноўвае беларусаў у ЗША, з пытаннямі, дзе можна знайсці жыллё, працу. Людзі сталі прапаноўваць яму дапамогу, але нехта знайшоў ягоны фотаздымак з аўтапрабегу ў падтрымку Лукашэнкі ў Брэсцкай крэпасці. «Ды ён ябацька», «агент КДБ» — такія каментары паляцелі ў бок мужчыны.

«Мяне рэальна загнабілі», — кажа ён.

Дзмітрый Касарэўскі і ў ЗША выходзіць з чырвона-зялёным сцягам. Фота: kosarevskiy_dmitriy / Instagram

Цяпер Дзмітрый арганізуе туры па ЗША для рускамоўных. Касарэўскі расказвае, што падчас аднаго з такіх тураў у Вашынгтон ён заўважыў мужчыну, які на вуліцы насупраць Белага Дома прапануе паслугу — уключыць гімн той краіны, адкуль паходзіць турыст. Так Касарэўскі праспяваў гімн Беларусі і запосціў ролік пра гэта ў сацсеткі.

З чырвона-зялёным сцягам ён фатаграфуецца ў розных мясцінах Амерыкі і наведвае з ім спартовыя спаборніцтвы.

У сакавіку Касарэўскі прыязджаў у Беларусь на пару тыдняў. Цяпер жа, кажа, прыехаў надаўжэй, каб «проста пажыць простым беларускім жыццём, атрымаць асалоду». Але ў хуткім часе вернецца ў Штаты.

Выпускнік мінскай беларускамоўнай гімназіі скончыў Гарвардскі ўніверсітэт. Вось дзе ён цяпер працуе

Лонданскі юрыст напісаў кнігу пра сваё дзяцінства і маладосць у Мінску

Беларус з ЗША прыехаў у Беларусь. Яго затрымалі і судзяць па чатырох палітычных артыкулах

Nashaniva.com