«У камеры 2х2 метра знаходзіцца восем чалавек». Сын галоўнага трэнера хакейнага «Дынама» адсядзеў на Акрэсціна і атрымаў дэпартацыю
Сын настаўніка зборнай Беларусі па хакеі Мікіта Квартальнаў сядзеў ва ўмовах для палітычных. Ён распавёў, па якім артыкуле патрапіў на Акрэсціна.
17.10.2024 / 12:02
Мікіта Квартальнаў. Фота: сацсеткі
Мікіта Квартальнаў, сын галоўнага трэнера мінскага «Дынама» і зборнай Беларусі па хакеі Дзмітрыя Квартальнава, выйшаў пасля 10 сутак на Акрэсціна.
Расійскі хакейны агент распавёў «Спорт-Экспрэсу», што бойкі з дырэктарам «Дынама» Арцёмам Каркоцкім у яго не было.
«Не хачу ўдавацца ў падрабязнасці ўсёй сітуацыі. Пісалі вельмі шмат версій, але магу канстатаваць, што ўсе яны непраўдзівыя. Не было ніякай бойкі, не было рукапрыкладства. Было невялікае непаразуменне. Я знаходзіўся ў іншай краіне. У Рэспубліцы Беларусь закон адзіны для ўсіх — у гэтым я пераканаўся. Я паважаю гэтыя законы.
За мой артыкул звычайна даюць штраф, мне далі практычна максімальны тэрмін. Гэта жорстка, гэта сурова, я такога не чакаў. Але, напэўна, так і павінна было адбыцца», — заявіў Квартальнаў.
Мяркуючы па ўсім, Мікіту ў ЦІП на Акрэсціна адправілі да тых, хто сядзіць за палітыку. Ён расказаў, што ў маленькай камеры знаходзілі 8 чалавек. А арыштавалі Квартальнава па артыкуле аб нецэнзурнай лаянцы ў грамадскім месцы.
«Артыкул 119.1. Нецэнзурная лаянка ў грамадскім месцы. Ні разу да гэтага не пападаў у такія сітуацыі, не магу сказаць, наколькі ўсё было правільна. Але ўсё адбылося па законе, па пратаколе. Атрымаў вельмі сур'ёзны жыццёвы ўрок, каласальны стрэс. Ад гэтага трэба крыху адысці.
Але маральна я стаў мацнейшым: цяжка сядзець у камеры 2х2 метры, дзе знаходзіцца восем чалавек. Не думаю, што ў нейкіх турмах увогуле ёсць добрыя ўмовы. Убачыў шмат дробязяў: аказваецца, для шчасця шмат не трэба. Калі прыходзіць абед — сапраўды шчасце паесці. На волі ты гэта не шануеш, а там шануеш», — распавёў агент.
На Акрэсціна сыну галоўнага трэнера зборнай Беларусі было сумна.
«Калі пападаеш у такую сітуацыю, арганізм уключае стрэсавы рэжым. Гэта цяжка растлумачыць. Ты разумееш, што ў бліжэйшыя дзесяць дзён ты будзеш знаходзіцца ў замкнёнай прасторы. Рэжым — у 22:00 кладзешся, у 6:00 устаеш. Было сумна.
Я быў простым чалавекам. Мы размаўлялі на роўных. Добра, калі людзі не глядзяць на нейкі твой статус, ідзе камунікацыя без нейкіх пантоў», — сказаў Квартальнаў.
Пасля таго як Квартальнаў-малодшы адбыў адміністрацыйны арышт, яго дэпартавалі з Беларусі на тры гады.
«Гэта адміністратыўнае правапарушэнне, я нічога такога дрэннага не зрабіў. Так, мяне дэпартавалі, але я нават не стаў высвятляць, з якой прычыны. Дэпартавалі на тры гады: прыняў гэта, падпісаў усе паперы. Скажу шчыра, не вельмі праз гэта знерваваўся», — распавёў Мікіта.
Пры гэтым Квартальнаў адзначыў, што па яго ментальным здароўі быў нанесены ўдар, таму ён збіраецца звярнуцца да псіхолага.
Пра затрыманне Мікіта Квартальнава стала вядома 6 верасня. СМІ паведамлялі, што ў яго здарыўся канфлікт з дырэктарам мінскага «Дынама» Арцёмам Каркоцкім, у выніку кіраўнік клуба выклікаў на агента міліцыю.