Кіраўнікі разведкі краін Захаду ўстрывожаныя «дзікімі паводзінамі» расійскіх спецслужбаў
Пасля высылкі сотняў шпіёнаў, якія выдавалі сябе за дыпламатаў, Крэмль прымяняе больш рызыкоўныя і менш традыцыйныя метады — падпалы, дыверсіі і нават змовы з мэтай забойства.
17.10.2024 / 14:28
Уладзімір Пуцін выступае на сустрэчы з афіцэрамі Галоўнага разведвальнага ўпраўлення Генеральнага штаба Узброеных сіл Расіі, 2018 год. Фота: Alexei Druzhinin, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP
Як піша The Guardian, у апошні год заходнія разведкі фіксуюць значную актывізацыю дзейнасці расійскіх спецслужбаў пасля шоку, выкліканага высылкай з Еўропы 450 агентаў, якія выдавалі сябе за дыпламатаў, у адказ на ўварванне ва Украіну.
Што асабліва трывожыць кіраўнікоў разведкі, дык гэта поўная безразважнасць расійскай актыўнасці.
«Расійскія спецслужбы, шчыра кажучы, паводзяць сябе крыху дзіка», — цытуе выданне словы кіраўніка МІ-6 Рычарда Мура.
Мішэнню расійскіх шпіёнаў сталі кіраўнікі абароннай прамысловасці па ўсёй Еўропе. Нядаўна была раскрыта змова з мэтай забойства генеральнага дырэктара нямецкай абароннай кампаніі Rheinmetall, якая ажыццяўляе пастаўку ўзбраення Украіне, Арміна Папергера.
Цяпер падраздзяленні паліцыі па барацьбе з тэрарызмам некалькіх краін Еўропы расследуюць, ці звязаны выпадкі ўзгаранняў пасылак на складзе DHL у Бірмінгеме і Лейпцыгу ў канцы ліпеня з больш маштабнай кампаніяй, якую расійскія шпіёны праводзяць па ўсёй Еўропе ў гэтым годзе. Кіраўнікі разведкі ў Вялікабрытаніі і іншых краінах асудзілі яе як безразважную.
Нямецкая газета Tagesspiegel паведаміла, што пасылка загарэлася ў Лейпцыгу, калі яе збіраліся пагрузіць на грузавы самалёт. Рэйс быў затрыманы. Калі б самалёт узляцеў своечасова, яна б загарэлася ў паветры, што магло мець вельмі сур'ёзныя наступствы.
Да гэтага ў сакавіку адбыўся пажар ва ўсходнім Лондане на складзе кампаніі, звязанай з Украінай. А ў маі ў Варшаве гарэў гандлёвы цэнтр. У абодвух выпадках падазраюць расійскія спецслужбы.
Мэтай падобных нападаў, на думку заходніх чыноўнікаў, ёсць імкненне пасеяць хаос сярод партнёраў Украіны, парушыць ваенныя пастаўкі ў Кіеў і ўзмацніць раскол у грамадстве. Але прычына, па якой прынамсі некаторыя з іх выглядаюць больш хаатычнымі, заключаецца ў тым, што магчымасці Расіі для традыцыйнага шпіянажу скараціліся.
Як піша выданне, без традыцыйнай сеткі пасольскіх шпіёнаў Расія была вымушана звяртацца да больш рызыкоўных і менш традыцыйных метадаў, спадзяючыся на злачынцаў і іншых асоб як выканаўцаў сваёй бруднай працы.
На мінулым тыдні кіраўнік МІ5 Кен Маккалум папярэдзіў, што расійскае ГРУ праводзіць кампанію па «стварэнні хаосу на вуліцах Вялікабрытаніі і Еўропы» з выкарыстаннем давераных асоб, што «яшчэ больш зніжае прафесіяналізм іх аперацый».
Іншыя прыклады меркаванай расійскай актыўнасці выглядаюць дылетанцкімі і нязначнымі. Французскія супрацоўнікі разведкі мяркуюць, што Расія мінулай восенню наняла групу малдаван для правядзення малабюджэтнай антысеміцкай графіці-кампаніі з выкарыстаннем трафарэтаў Зоркі Давіда па ўсім Парыжы, каб узмацніць раскол у грамадстве на фоне вайны Ізраіля і ХАМАС.
Летам Францыя сарвала чарговую аматарскую змову 26-гадовага ўраджэнца Данбаса, які меў намер напасці на гаспадарчую краму на поўнач ад Парыжа перад летнімі Алімпійскімі гульнямі. Ён быў арыштаваны пасля таго, як выпадкова ўзарваў выбуховае прыстасаванне ў сваім гасцінічным нумары недалёка ад аэрапорта Шарль дэ Голь.
Метады вярбоўкі, відаць, носяць бессістэмны характар: для вярбоўкі і аплаты працы маладых людзей, якія сімпатызуюць Маскве, выкарыстоўваюцца такія сацыяльныя сеткі, як Telegram, хоць, мяркуючы па некаторых сюжэтах, пастаноўка задач часта выглядае ў лепшым выпадку спекулятыўнай.
Пакуль што кампанія сабатажу і запалохвання не аказала істотнага ўплыву дзякуючы эфектыўным дзеянням еўрапейскіх разведвальныях і антытэрарыстычных агенцтваў.
Сама Расія часта адмаўляе свой удзел у змовах і акцыях па ўсёй Еўропе, сцвярджаючы, што такія абвінавачванні з'яўляюцца не больш чым канспіралагічнымі тэорыямі, прыдуманымі яе апанентамі.
«Справа вельмі сур'ёзная». У Польшчы працягваецца справа падазраваных у дыверсіях і сабатажы
FT: Расія плануе тэракты і дыверсіі ў Еўропе