У расійскім Валгаградзе раней судзімы за разбой ветэран забіў ветэрана-забойцу

Жыхар Валгаграда, што вярнуўся з вайны, а раней быў судзімы, забіў свайго прыяцеля падчас застолля. Заведзена крымінальная справа, паведамляе расійская служба Радыё Свабода.

17.10.2024 / 13:26

Паводле даных следства, мужчыны распівалі спіртныя напоі ў адной з кватэр у доме па вуліцы маршала Воранава, калі паміж імі ўзнік канфлікт. Адзін з іх схапіў металічны зэдлік і стаў збіваць ім сабутэльніка, у тым ліку па галаве.

Пасля таго, як той перастаў падаваць прыкметы жыцця, ён вынес цела на лесвічную пляцоўку і пакінуў у ліфце. Пасля вярнуўся ў сваю кватэру і заснуў. Труп у ліфце знайшлі суседзі і выклікалі паліцыю.

Забіты служыў у штурмавым атрадзе і быў узнагароджаны ордэнам Мужнасці. Раней ён сам быў судзімы за забойства.

Затрыманы мае дзве крымінальныя судзімасці — за крадзеж і разбой. Паводле інфармацыі следства, ён поўнасцю прызнаў віну. Меру стрымання для яго яшчэ не абралі.

Nashaniva.com