У Польшчы прызямліўся паветраны шар з Беларусі з надпісамі на рускай: на месца адпраўлялі спецназ

Аказалася, гэта быў метэазонд з кантрабанднымі цыгарэтамі.

17.10.2024 / 13:50

Фота ілюстрацыйнае

Паветраны шар з надпісамі на кірыліцы прызямліўся ў Сакалянах у Падляскім ваяводстве. Аб'ект знайшлі ўначы за некалькі кіламетраў ад мяжы з Беларуссю. На месца накіравалі паліцэйскіх і антытэрарыстычны спецназ, паведамляе Radiо ZET.

Праз некалькі гадзін высветлілася, да паветранага шара быў прымацаваны пакет з цыгарэтамі без польскіх акцызных марак. Паліцыя высвятляе падрабязнасці спробы кантрабанды. Усяго ў пакеце было 1200 пачкаў цыгарэт.

Гэта не першы такі інцыдэнт у Падляскім ваяводстве: шар з цыгарэтамі прыляцеў у Польшчу з Беларусі некалькі тыдняў таму. Пры гэтым кожны такі выпадак польскія спецслужбы правяраюць у тым ліку на магчымы шпіянаж.

Nashaniva.com