У Мінску зносяць адзін з будынкаў 6-й бальніцы
Абяцаюць справіцца ўсяго за пяць дзён.
17.10.2024 / 14:08
У Мінску прыступілі да зносу 5-га корпуса 6-й бальніцы, піша Blizko.by.
«Яшчэ трохі і ад пятага корпуса «шасцёркі» нічога не застанецца. Відок, вядома, яшчэ той», — гаворыцца ў паведамленні. Адзначаецца, што цяпер адбываецца знос старога, аджылага сваё, блока 6-й бальніцы. Па планах, будаўнікі з дапамогай магутнай тэхнікі справяцца ўсяго за пяць дзён.
Кожны працэс мае сваю ўнікальную працэдуру. Так, пры дэмантажы гэтага будынка экскаватар папярэдне стварае працоўную пляцоўку залазіць на яе вяршыню і ўжо адтуль паэтапна разбірае будынак, разбіраючы пры гэтым адходы.
Такі падыход забяспечвае аператыўнасць, зручнасць і мінімальнае парушэнне працы медыцынскай установы і камфорту пацыентаў.
На гэтым месцы будаўнікі СУ-19 трэста № 1 пабудуюць сучасны лячэбна-дыягнастычны корпус. Ён будзе адносіцца да клінічнага цэнтру траўматалогіі і артапедыі.