Будуць пасмяротна судзіць яшчэ аднаго ўкраінца, які браў удзел у спаленні Хатыні

Генеральны пракурор Андрэй Швед накіраваў у Вярхоўны суд крымінальную справу Канстанціна Смоўскага, якога абвінавачваюць паводле арт. 127 КК (генацыд), паведамляе прэс-служба Генпракуратуры.

17.10.2024 / 22:14

Кіраўнік следчай групы Генпракуратуры Валерый Талкачоў заявіў, што гэта справа «вылучаная ў асобную спецыяльную вытворчасць […] па факце генацыду беларускага народа».

«Падчас расследавання сабраныя неабвержныя доказы, якія пацвярджаюць віну Смоўскага. Пратаколы допытаў ягоных таварышаў па службе, жыхароў вёсак, якія выжылі, а таксама іншыя архіўныя дакументы, у тым ліку нямецкія», — сказаў Талкачоў.

Паводле яго, у крымінальнай справе 49 тамоў.

«Устаноўлена 26 эпізодаў яго злачыннай дзейнасці ў складзе 118-га ахоўнага батальёна, кіраўніком якога ён з'яўляўся. У тым ліку ўстаноўлены ягоны ўдзел у знішчэнні жыхароў вёскі Хатынь і іншых населеных пунктаў», — адзначыў Талкачоў.

Канстанцін Смоўскі нарадзіўся ў 1889 годзе ў Палтаўскай губерні (цяперашняй Чарнігаўскай вобласці). Быў удзельнікам украінскага нацыянальнага руху, ва Узброеных сілах Украінскай Народнай Рэспублікі даслужыўся да звання палкоўніка. З 1921 года жыў у эміграцыі ў Польшчы, служыў у польскім войску.

Падчас Другой сусветнай вайны спачатку ваяваў у польскай арміі, затым трапіў у нямецкі палон і пагадзіўся перайсці на бок гітлераўскай Германіі.

Пасля Другой сусветнай вайны Смоўскі эміграваў у ЗША, дзе памёр у 1960 годзе.

Удзел Смоўскага ў спаленні Хатыні ў складзе 118-га батальёна шуцманшафта 22 сакавіка 1943 года не з'яўляецца таямніцай, пра гэта было вядома задоўга да расследавання Генпракуратуры.

Раней лукашэнкаўскі суд ужо правёў працэс над адным з удзельнікаў спалення Хатыні Уладзімірам Катруком, прагназавана ў хуткім тэмпе вынесшы абвінаваўчы прысуд. 

Генпракуратура анансавала новыя суды па «генацыдзе беларускага народа»

«Актуалізаваць і асучасніць». У Гомелі знайшлі яшчэ аднаго нябожчыка для суда

Хто такі Сымон Серафіновіч — карнік з Міра, якога хочуць судзіць пасмяротна

Вінаваты ў генацыдзе — Вярхоўны суд вынес першы прысуд супраць памерлага

Хто такі Уладзімір Катрук — карнік Хатыні, якога першым пачалі судзіць пасмяротна

Nashaniva.com