Сям'я з 12 чалавек, што выехала з Латвіі ў Беларусь, хоча жыць у Расіі
Шматдзетная сям'я, якая з'ехала з Латвіі праз нібыта дыскрымінацыю расійскамоўнага насельніцтва, мае намер жыць у Смаленскай вобласці, паведаміла АНТ.
18.10.2024 / 08:01
Фота: Пул першага
Учора паведамлялася, што пасля таго як сям'я ў Латвіі нібыта пазбавілася шэрагу льгот і стала атрымліваць пагрозы аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў, яны выехалі ў Беларусь, скарыстаўшыся бязвізам.
«Ужо заўтра ў сям'і Марозавых пачнецца новае жыццё. Наперадзе яшчэ адзін пераезд, у Расію. Гэта жаданне сям'і. Пры садзейнічанні расейскага Фонду падтрымкі і дапамогі шматдзетная сям'я пачне новае жыццё ў Смаленскай вобласці», — заявілі ў эфіры тэлеканала.
Паводле інфармацыі тэлеканала АНТ, сям'ю Марозавых сустрэлі ў Мінску, пазнаёмілі з горадам, зладзілі экскурсію на кандытарскую фабрыку.
У Смаленскай вобласці, дзе пражывалі іх продкі, сям'я будзе жыць у сельскай мясцовасці. У Латвіі ў сям'і застаўся яшчэ адзін сын, яму 20 гадоў. Застацца ў Рызе яго «прымусіла каханне».