Ці гатовы Кавалеўскі весці перамовы з Віктарам Лукашэнкам?

«У яго ёсць досыць зразумелыя прабеларускія погляды на сітуацыю».

18.10.2024 / 13:54

Валер Кавалеўскі і Віктар Лукашэнка. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай, прэс-служба Лукашэнкі

Падчас эфіру на «Еўрарадыё» з кіраўніком Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Валерам Кавалеўскім абмяркоўвалася сярод іншага пытанне нацыянальнага прымірэння. У Кавалеўскага спыталі, ці стаў быў ён весці перамовы з Віктарам Лукашэнкам, з якім вучыўся на адным курсе. 

На думку палітыка, у такім варыянце ёсць «неблагі патэнцыял» дзякуючы гісторыі адносін паміж імі і наяўнасці пэўнага ўзаемнага даверу. Да таго ж, і біяграфіі ў іх падобныя.

«Мы абодва выходзім з вёскі, з вельмі сціплых, прыземленых умоваў жыцця на пачатковым этапе станаўлення. Мы абодва прыехалі ў Мінск як студэнты новага аддзялення міжнародных адносін у Белдзяржуніверсітэце. І мы абодва праходзілі этап адаптацыі да гарадскіх умоў, дзе нам трэба было ўзаемадзейнічаць, а часам канкурыраваць з аднакурснікамі, якія былі значна больш упэўненымі і падрыхтаванымі».

Кавалеўскі адзначае, што ад магчымасці перамоваў з Віктарам Лукашэнкам ён бы не адмовіўся. Палітык сцвярджае, што з уласнага досведу камунікацыі са старэйшым сынам дыктатара бачыць, што ў «яго ёсць досыць зразумелыя прабеларускія погляды на сітуацыю».

Кавалеўскі заўважыў, што «ўпэўнены ў тым, што ёсць агульныя каштоўнасці». «І незалежнасць Беларусі — тое, што аб'ядноўвае абсалютную большасць беларусаў, незалежна ад таго, па які бок барыкад яны знаходзяцца».

Былы дыпламат мяркуе, што Віктар Лукашэнка — той прадстаўнік сістэмы, з якім можна размаўляць і шукаць кампрамісы:

«Будзе кампраміс. І нам не атрымаецца з першага кроку адбудаваць краіну, якая будзе абсалютна дэмакратычнай, з трывалай незалежнасцю і суверэнітэтам, абсалютна праеўрапейскай, якая адразу пачне рухацца ў той кірунак. І ўсе людзі адразу здымуць свае акуляры і скажуць: «Мы браты і сёстры, і ў нас няма прэтэнзій адно да аднаго».

Будзе вельмі складаны шлях. Да яго трэба быць падрыхтаваным хаця б ментальна, разумець, што гэтыя складанасці будуць. Калі гэта будзе Віктар Лукашэнка, то гэта не самы кепскі варыянт для вядзення перамоваў».

Пра тое, ці трэба еўрапейскім паслам вяртацца ў Мінск

Валер Кавалеўскі ў эфіры падтрымаў таксама ідэю вяртання заходніх дыпламатаў у Беларусь. Ён лічыць, што гэта мае значэнне для захавання суверэнітэту і незалежнасці нашай дзяржавы.

Паводле Кавалеўскага, у 2024 годзе варта задацца пытаннем, ці не вычарпаў сябе гэты крок — адкліканне еўрапейскіх дыпламатаў у 2020-2021 гадах.

«Я думаю, што з пункту гледжання беларусаў, якія жывуць у Беларусі, жывуць у Мінску, усё ж такі было б спакайней бачыць, што побач працуюць амбасадары — высокапастаўленыя прадстаўнікі краін, якія падтрымліваюць незалежную, суверэнную, дэмакратычную, еўрапейскую Беларусь. Каб не толькі Расія і Іран кіравалі ў Мінску, праводзячы свае тэмы, свае наратывы і рэалізоўвалі свае інтарэсы, але каб там былі і тыя краіны, якія сапраўды дбаюць пра Беларусь як пра незалежную краіну».

Як дыпламат у мінулым, Кавалеўскі нагадаў, што прысутнасць амбасадараў вельмі важная для збору інфармацыі, сустрэчаў на высокім узроўні, каб даводзіць сваю пазіцыю. Пашырэнне консульскага штату ўплывае на мабільнасць беларусаў.

«Трэба тут бачыць і іншыя формы: гэта і сустрэчы з грамадзянскай супольнасцю, гэта сустрэчы са сваякамі, з роднымі, з сем'ямі палітычных зняволеных, ці з былымі палітзняволенымі. Гэта таксама і сустрэчы з афіцыйнымі асобамі дзеля таго, каб даводзіць сваю інфармацыю, рабіць дэмаршы, пратэсты, задаваць пытанні, удакладняць — і збіраць інфармацыю пра тое, што робіцца ў Беларусі, і гэтую інфармацыю трансляваць у свае сталіцы дзеля таго, каб уплываць на палітыку па Беларусі».

Кавалеўскі: Што мінскі рэжым дакладна не зможа зрабіць на сёння — гэта спыніць сваю падтрымку Расіі ў вайне

Экс-намеснік Ціханоўскай Валер Кавалеўскі стварыў Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва

Дзмітрыеў просіць вярнуць паслоў у Мінск. «Санкцыі б’юць па людзях, а не па ўладзе»

Nashaniva.com