Абмежаванні супраць дронаў тармозяць лазерную археалогію ў Беларусі

Тэхналогія даследавання археалагічных помнікаў з дапамогай лазернага сканавання LIDAR, з выкарыстаннем якой знаходзяць цэлыя гарады зніклых цывілізацый у непраходных лясах Амазоніі, толькі прыйшла ў нашу краіну, але ўжо сутыкнулася з сур'ёзнымі праблемамі.

21.10.2024 / 11:21

Лічбавая мадэль рэльефу гарадзішча на Менцы. Фота: БДУ

У сценах Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прайшоў V Міжнародны кангрэс гісторыкаў Беларусі, прымеркаваны да 95-годдзя Інстытута гісторыі. 

На кангрэсе з дакладам выступіў Аляксей Сазонаў, выкладчык факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ, які разам з Палінай Курловіч, загадчыцай кафедры археалогіі гістарычнага факультэта, апошнія тры гады займаецца паветраны лазерным сканаваннем з дапамогай «лідара» (LIDAR — Light Detection and Ranging) археалагічных аб’ектаў у Беларусі.

Навуковец распавёў пра спецыфіку іхняй працы і папярэднія вынікі за 2024 год. У сваёй працы даследчыкі выкарыстоўваюць лідар DJI Zenmuse L1 на базе беспілотніка DJI Matrice 300 RTK. У канцы мінулага 2023 года яны таксама займелі мабільную базавую станцыю, якая моцна пашырыла магчымасці і дазволіла праводзіць работы без падключэння да інтэрнэту. 

Праца «лідара»

Выяўленне гарадзішча на лідарнай здымцы. Фота: БДУ

Пасля працы лазернага сканера даследчыкі атрымліваюць шчыльнае воблака пунктаў, у якім выразна прасочваецца расліннасць і паверхня рэльефа. Праграмнае забеспячэнне дазваляе адфільтраваць мадэль ад расліннасці, пакінуўшы толькі рэльеф з той ці іншай дакладнасцю. Наўпрост у палявых умовах ствараюцца прасторавыя мадэлі мясцовасцей з разрозненнем да 0,3 м.

Такія мадэлі могуць выкарыстоўвацца як аснова для стварэння карт для наступнай археалагічнай разведкі і вызначэння ахоўных зон вакол помнікаў археалогіі.

Нягледзячы на тое, што тэхналогія лідара дазваляе як бы заглянуць пад расліннае покрыва, яно ўсё ж стварае перашкоду сканаванню, а таму найлепшым у Беларусі лічыцца перыяд у канцы лістапада, або ў сакавіку-красавіку, калі дрэвы застаюцца зусім без лісця.

Актуальныя даследаванні ў Беларусі

За гэты сезон былі атрыманыя лібчавыя мадэлі 30 гарадзішчаў і 6 курганных могільнікаў жалезнага веку і ранняга сярэднявечча ў Лагойскім, Мядзельскім, Докшыцкім, Глыбоцкім, Пастаўскім і Браслаўскім раёнах. 

Ва ўрочышчы Тарылава каля вёскі Укля, на беразе аднайменнага возера, дзе даследчыкі шукалі адно гарадзішча, нечакана знайшлося другое, таксама напалову разбуранае эразійнымі працэсамі, і курганныя могільнікі. Таксама зафіксаваныя новыя гарадзішчы акруглай формы, зафіксаваныя ў час даследаванняў у Рацюнках і Зазонах Браслаўскага, Мікольцах Мядзельскага раёнаў. На селішчы каля апошняга лідарная здымка зафіксавала нават сляды раскопак, якія калісьці праводзіў археолаг Яраслаў Звяруга.

Ілюстрацыйнае фота. Выяўленыя даследчыкамі з БДУ курганныя могільнікі Наўры 1. Фота: БДУ

Часам «лідар» можа выявіць таксама сляды селішчаў і западзін антрапагеннага паходжання. Але для выяўлення некаторых помнікаў патрабуюцца дадатковыя палявыя даследаванні. Так у час здымкі не ўдалося адшукаць гарадзішчы ў Лукшах, дзе зрабілі вялікую плошчу аблёту, і Шавурах Браслаўскага раёна.

Найбольш складана адшукаць «лідарам» курганы, якія часта хаваюцца ў густой расліннасці і не заўсёды ўдаецца іх заўважыць на здымцы. Курганы на Уклі заўважылі толькі пасля паўторнай апрацоўкі. І гэтыя знаходкі — вынік працы толькі па ўжо вядомых аб'ектах.

Шэраг помнікаў мае сляды позніх пашкоджанняў. Найчасцей гэта сляды Першай і Другой сусветных войнаў — вайсковыя могілкі і акопы. Выразныя ўмацаванні XX стагоддзя праявіліся на помніках у Целяках і Астраўлянах Мядзельскага раёна. 

Абмежаванні на выкарыстанне дронаў ускладняюць працу гісторыкаў

Акрамя пагодных і ландшафтных умоў, дадаюцца яшчэ і заканадаўчыя абмежаванні. Правядзенне здымкі патрабуе разнастайных узгадненняў і дазволаў, часам за грошы, ад профільных ведамстваў, мясцовых органаў улады і РАУС, а калі трэба, то Генеральнага штаба і Службы бяспекі Прэзідэнта. Зняты матэрыял абавязкова ўзгадняецца з Генштабам.

У канцы мінулага года Лукашэнка падпісаў указ № 297 «Аб дзяржаўным уліку і эксплуатацыі цывільных беспілотных лятальных апаратаў», які значна ўскладніў працэс узгаднення і падвысіў рызыкі пры правядзенні работ. 

Дрон з лідарам. Фота: БДУ

Указам ён забараніў мець дроны фізічным асобам. Дазволены ўвоз на тэрыторыю Беларусі, захоўванне, абарот, эксплуатацыя і выраб цывільных беспілотнікаў толькі арганізацыям і індывідуальным прадпрымальнікам для іх прафесійнай дзейнасці, але яны былі абмежаваныя ў карыстанні.

Цяпер ім неабходна атрымаць адпаведны дазвол у Дэпартаменце авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый. А аператар, якія эксплуатуе цывільны БЛА, мусіць прайсці адмысловую падрыхтоўку. 

Яшчэ раней уласнікаў беспілотнікаў абавязалі рэгістраваць іх і ўзгадняць палёты. 

Прычынай новаўвядзенняў стала дыверсія супраць звышкаштоўнага расійскага самалёта А-50 у Мачулішчах, які выкарыстоўваўся для навядзення ракет пры бамбёжках Украіны. 

Гэтыя заканадаўчыя змены наклалі сур’ёзныя абмежаванні на ўсю галіну ў цэлым, у тым ліку на навуковыя даследаванні. Сітуацыя, на думку навукоўца будзе толькі горшаць.

Апошні ўказ, які Лукашэнка падпісаў у пачатку кастрычніка, дазваляе збіваць беспілотныя лятальныя апараты ўсім, хто мае права насіць зброю, у тым ліку ваенізаванай ахове. Але за выключэннем тых выпадкаў, калі ёсць дазвол на палёт. 

«На жаль, я не магу ўявіць сітуацыю, калі чалавек са стрэльбай спачатку спытае ў вас дазвол, а пасля будзе страляць. Хутчэй за ўсё, будзе наадварот», — з іроніяй адзначае Сазонаў. 

У буйных гарадах і асабліва Мінску, ужо ствараюць моцныя перашкоды — сістэмы радыёэлектроннай барацьбы. Пачасціліся выпадкі, калі каштоўныя дроны губляюцца праз страту кіравання. Пры гэтым найчасцей уплываюць на невялікія дроны, бо ім можа кіраваць як нейкая арганізацыя па дазволе, так і парушальнік.

Даследчык прыгадаў выпадак, калі ў час даследавання ў іхні дрон з каштоўным лідарам спрабавала страляць Служба бяспекі прэзідэнта, бо іх не папярэдзілі пра яго з’яўленне ў небе.

Безальтэрнатыўная сакрэтнасць

Выправіць сітуацыю магла бы здымка «лідарам» з самалёта ўсёй тэрыторыі Беларусі, але ўзнікае пытанне сакрэтнасці атрыманых даных. Справа ў тым, што няма сэнсу закупляць для гэтага абсталяванне, бо адна такая здымка будзе актуальная наступныя паўстагоддзя. Але браць такое абсталяванне ў арэнду ў замежных краін, рэжым Лукашэнкі, увязаны ў супрацьстаянне з заходнімі краінамі не можа сабе дазволіць. 

Заўважым, што ў многіх еўрапейскіх краінах лідарныя здымкі знаходзяцца ў вольным доступе, што дазваляе аматарам гісторыі адшукваць новыя помнікі археалогіі там, дзе здавалася, што ўжо ўсё даследавана.

Сенсацыйныя адкрыцці з LIDAR

Закінуты горад дакалумбавай цывілізацыі, знойдзены пад густым покрывам лясоў Амазоніі. Фота: Science

Выкарыстанне LIDAR у археалогіі сёння прыводзіць да сенсацыйных адкрыццяў па ўсім свеце. Так у студзені 2024 года ў часопісе Science былі апублікаваныя вынікі даследаванняў, якія праводзіліся групай археолагаў у басейне ракі Амазонкі з 2015 года. З дапамогай «лідара» навукоўцы выявілі рэшткі найбуйнейшага комплексу дакалумбавых паселішчаў. Яго плошча складала каля 300 квадратных кіламетраў. Раскопкі тут ужо праводзіліся раней, але даследчыкі знаходзілі толькі дробныя прадметы побыту, не падазраючы, што пад джунглямі хаваецца разгалінаваная сістэма гарадоў.

Як аказалася, 2500 гадоў таму тут будаваліся гарады з вулічнай сеткай і сістэмай каналаў для адводу вады. Яны былі акружаны сельскагаспадарчымі ўгоддзямі, а паміж населенымі пунктамі пракладзены дарогі. Паводле ацэнак навукоўцаў, у кожным горадзе пражывала ад 10 да 100 тысяч чалавек. Мяркуючы па знойдзеным пласце попелу, людзі маглі пакінуць гэтыя месцы праз вывяржэнне вулкана. Археолагі не знайшлі пісьменнасці гэтай цывілізацыі, таму мы не ведаем, як яны сябе называлі. Цяпер іх называюць «упанскай культурай» — у гонар даліны Упана, дзе былі зроблены знаходкі.

Ф. Раўбіч