«Некаторыя настаўнікі прамываюць мазгі дзецям, што іх у Еўропе ніхто не чакае». Бацькі пра ідэалогію ў школах

Пацікавіліся ў бацькоў падлеткаў, як за апошнія гады змянілася сітуацыя з дзяржаўнай ідэалогіяй у школах.

30.10.2024 / 08:00

Ілюстрацыйны здымак. Фота: ivyenews.by

Членства ў БРСМ стала амаль абавязковым

Былая настаўніца дзеліцца ўражаннем калег: патрыятычнаму выхаванню цяпер надаюць значна больш увагі, чым гэта было гадоў пяць таму.

«Сталі актыўней сачыць за тым, каб усе запісваліся ў піянеры і асабліва ў БРСМ. Нельга сказаць, што раней не было выпадкаў, калі ў некаторых школах перагібалі з добраахвотна-прымусовым залічэннем у БРСМ, але цяпер маштабы іншыя.

Раней некаторыя класныя кіраўнікі маглі сабе дазволіць не прымушаць дзяцей уступаць у БРСМ, і ніякіх наступстваў, як для вучняў, так і для настаўнікаў, не было. Хочаш — ідзі, не хочаш — не ідзі».

Цяпер жа, па словах былой настаўніцы, з гэтым стала строга. Адміністрацыя цісне на настаўнікаў, а тыя, у сваю чаргу, на вучняў.

Патрыятызму вучаць нават на бацькоўскіх сходах

Маці двух падлеткаў 13 і 16 гадоў адзначае, што ідэалогіі прыбавілася яшчэ з пачаткам навучальнага года 2021-2022.

«Цяпер нават на бацькоўскіх сходах тэма «патрыятызму» займае першае месца. Размовам пра гэта адводзяць большую частку часу. Сам адукацыйны працэс ужо на другім месцы», — кажа жанчына.

Маці школьнікаў адзначае, што таксама стала больш сходаў для дзяцей, на якіх так ці інакш прасоўваюць дзяржаўную ідэалогію.

«Гісторыя Беларусі дзецям падаецца так, быццам яна пачалася калі не з 1994 года, то ў лепшым выпадку з утварэння СССР. Раней быццам бы нічога і не было».

Па словах жанчыны, цяпер у школах актыўна змагаюцца з тым, каб дзеці не ехалі вучыцца за мяжу.

«Нядаўна старшакласнікам раздавалі анкеты, дзе пыталіся, куды яны збіраюцца паступаць. Наш сын адказаў, што ў Беларусі, хоць гэта не так. Але лепш, каб адміністрацыя школы пра гэта не ведала», — прызнаецца жанчына.

Былі выпадкі, калі, даведаўшыся, што вучань плануе паступаць, напрыклад, у Польшчу, адміністрацыя школы пачынала яму перашкаджаць.

«Могуць марудзіць з выдачай дакументаў, могуць заніжаць балы. Некаторыя настаўнікі пачынаюць прамываць мазгі дзецям, што іх там у Еўропе ніхто не чакае і далей у гэтым духу.

Настаўнікам і адміністрацыі прылятае зверху, калі ў школе вялікі працэнт вучняў паступае за мяжу, таму гэта цяпер зусім не вітаецца. З-за гэтага мы папярэдзілі старэйшага сына, каб не расказваў пра свае планы па вучобе ў Польшчы», — прызнаецца жанчына.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Пачалі адзначаць 2 красавіка

Яшчэ адзін бацька падлетка, з якім паразмаўляла «Наша Ніва», дзеліцца, што школьнікам часта расказваюць пра Лукашэнку.

«Раней у школах шмат казалі пра небяспеку ўжывання наркотыкаў і алкаголю. Цяпер гэта не ў трэндзе, бо для іх важней расказаць, які ў нас класны кіраўнік [краіны] і наколькі важнае свята 17 верасня. 

Традыцыйна вельмі шмат увагі надаюць тэме ВАВ. На 2 красавіка таксама ладзяць нейкія імпрэзы, хоць раней пра так званае свята «яднання народаў Беларусі і Расіі», здаецца, нават не згадвалі», — кажа бацька дзевяцікласніка.

Nashaniva.com