Якога святога заступніка выбраць квадроберам?
Дзяржаўная прапаганда ставіць новую модную ў падлеткаў субкультуру ў адзін шэраг з сатанізмам, гомасэксуалізмам і прыёмам наркотыкаў. Але ў ліку праваслаўных святых ёсць вельмі дзіўныя асобы, якія сваім вобразам ці паводзінамі нагадваюць квадробераў, але ім працягваюць маліцца.
17.11.2024 / 23:58
Святыя мучанікі Хрыстафор і Варвар — галоўныя прэтэндэнты на статус святых-заступнікаў праваслаўных квадробераў
Вельмі падобнымі да квадробераў паводзінамі адрозніўся праваслаўны святы з красамоўным імем Варвар. Паводле грэчаскага жыція, ён жыў у краінах Луканскіх і быў разбойнікам, які забіў больш за трыста чалавек. Ніхто не мог яго адолець, бо Варвар меў нечалавечую моц. Але аднойчы ён узяў і раскаяўся, пахрысціўся ў царкве, спавядаўся і даў Богу зарок, што пакуль ягоныя грахі не будуць выкуплены, ён не падымецца ад зямлі. Праз гэта ён, як звер, перасоўваўся на карачках.
Праваслаўны абраз з выявай мучаніка Варвара Луканскага. У ніжнім левым куце абраза будучы святы поўзае на карачках сярод авечак
Варвар палічыў сябе грэшным і наступныя тры гады жыў разам з сабакамі мясцовага святара. Затым ён яшчэ на працягу дванаццаці гадоў пасвіўся разам з быдлам і еў адну толькі траву. Скончыў жыццё ён таксама па-скоцку — яго прынялі за жывёлу купцы, якія праязджалі побач, і застрэлілі. Ад труны Варвара людзі быццам бы пачалі вылечвацца, мошчы сталі нятленнымі і пачалі міраточыць, пасля чаго іх перанеслі ў царкву.
Відаць, з часам царкоўнікі зразумелі, што гэтая гісторыя абсалютная дзіч: жыў як сабака і памёр як сабака — яўна не прыклад для пераймання. У пазнейшых версіях, у тым ліку славянскай, гісторыю Варвара падправілі.
Цяпер ён быў марскім разбойнікам, які даў зарок у час страшнай буры. Не выжыў аніхто акрамя Варвара, якога выкінула на бераг, дзе яго пачалі лічыць святым. Ён схаваўся ў пячоры, дзе пражыў тры гады, еў лясныя плады і маліўся. Пасля ён пайшоў у манастыр, дзе 22 гады насіў вярыгі. Але скончыў прыкладна гэтак жа, які ў старой версіі — быў застрэлены з самастрэла, які паставіў паляўнічы.
Прыстойны варыянт абраза з выявай мучанікам Варвара. Роспіс Хіландарскага манастыра на Афоне. 1662 г.
Менавіта апошняя версія жыція паслужыла асновай для іканаграфіі святога, таму пабачыць святога-разбойніка Варвара на карачках на абразах мы сёння не можам.
Зрэшты, парадаваць сапраўдным квадроберскім абліччам, а не толькі павадкамі, можа іншы праваслаўны святы. Быццам са старонак фэнтэзійных раманаў для падлеткаў сышоў вобраз Святога Хрыстафора, які замацаваўся ва ўсходняй хрысціянскай традыцыі — чалавека з галавой сабакі.
Абраз з выявай Святога Хрыстафора ў выглядзе кінакефала — чалавека з галавой сабакі. Керміра, Кападокія. Візантыйскі і хрысціянскі музей у Афінах
Паводле жыція святога, Рэпрэў, так яго звалі спачатку, у сярэдзіне III стагоддзя быў захоплены рымлянамі ў палон у баі на поўначы Афрыкі і пасля служыў у рымскім войску. Па апісанні ён велізарнага росту і дзікага нораву. Але галоўнае, што ён, як і ўсе прадстаўнікі яго народа, быў сабакагаловым людаедам. І верыў у Хрыста…
За сваю веру ў Хрыста волат-людаед быў збіты, і пад канвоем з 200 салдат яго пацягнулі да імператара ў Рым. Па шляху пачалі адбывацца цуды, праз якія ў Хрыста паверылі нават рымскія салдаты, якія разам з ім былі ахрышчаны епіскапам антыяхійскім. У хрышчэнні ён атрымаў імя Хрыстафор, якое тлумачыцца як «той, хто носіць Хрыста». Імператар быў спалоханы ягонай звярынай знешнасцю.
Ён спрабаваў спакусіць сабакагаловага хрысціяніна-людаеда блудніцамі, але тыя вярнуліся ад яго хрысціянкамі. У выніку імператар прыгаварыў яго і салдат, якіх ён звярнуў у хрысціянства, да мучаніцкай смерці ў распаленай меднай скрыні, але Хрыстафор выжыў, і тады яму адсеклі яго жудасную галаву.
У заходняй традыцыі волат Рэпрэў пераносіў Хрыста праз раку, за што атрымаў сваё імя Хрыстафор. Карціна Лукаса Кранаха Старэйшага, 1518 — 1520. Дэтройцкі інстытут мастацтваў
У заходняй традыцыі вобраз святога пазбаўлены сабачай галавы. Апісанне яго жыцця ў «Залатой легендзе» выглядае больш лагічным.
Паводле легенды, волат шукаў наймагутнага валадара, якому хацеў служыць, але цар баяўся д’ябла, а д’ябал баяўся Хрыста. Ён пацікавіўся ў пустэльніка, як бы ён мог служыць Хрысту, а той адказаў, што ён вялікі, і таму мог бы пераносіць людзей цераз раку. Аднойчы ён нёс цераз раку хлопчыка, але пасярод ракі той стаў неймаверна цяжкім — хлопчык патлумачыў, што ён Хрыстос, і на ім цяжар усіх грахоў свету. Ісус хрысціў волата ў рацэ, даўшы яму імя Хрыстафор.
Насамрэч пад яго імем першапачаткова мелася тое, што ён нёс Хрыста ў сваім сэрцы. Але з часам людзі дадумалі, што нёс літаральна на плячах, а праз гэта зрабілі яго магутным волатам, які меў рост ці то больш за 2 метры, ці то больш за 5 метраў. У сярэднявеччы ў італьянскім Верчэлі з’явіўся велізарны зуб святога, да якога прыходзілі паломнікі аж да канца XVIII стагоддзя — да часу, калі выявілася, што гэта зуб гіпапатама. Пасля «святыню» прыбралі падалей.
Егіпецкая статуэтка кінакефала (сабакагаловага). Кінакефаламі грэкі называлі малпаў-павіянаў, якія сустракаліся ў эліністычным Егіпце. Дзяржаўны Эрмітаж
У грэчаскай традыцыі людаедамі бачылі ўсіх, хто жыў на загадкавым Усходзе. Кінакефаламі, то-бок сабакагаловымі, грэкі спачатку называлі некаторых малпаў (як павіянаў), якія ў цэлым выглядалі і паводзілі сябе як людзі, але галаву мелі з выцягнутай пысай, як у сабакі. Дзікуноў параўноўвалі з малпамі — гэтым і сёння нікога не здзівіш, — але пасля сувязь згубілася і дзікуны сталі ўспрымацца як людзі з галавой сабакі.
Магчыма, на вобраз святога паўплывала тое, што ён прыняў мучаніцкую смерць у Лікіі, ад якой быў празваны Хрыстафорам Лікійскім. Назва Лікіі сугучна з назвай воўка ў грэчаскай мове (Λύκος). Усё змяшалася ў кучу і атрымаўся велізарны святы з галавой сабакі.
Святы Хрыстафор з Хрыстом па плячах на сучасным гербе Вільні
Зрэшты ў заходнім абліччы, пазбаўленым жывёльных прыкмет, Святы Хрыстафор добра знаёмы беларусам, бо ён з’яўляецца святым апекуном Вільні і яго выява з Хрыстом на плячах была змешчана на зацверджаным у 1330 годзе гербе горада.
Тое, што са святым-дзікуном нешта не так, на Захадзе пачалі падазраваць яшчэ ў канцы сярэднявечча, але толькі ў 1969 годзе Каталіцкая царква панізіла сумнеўнага святога да мясцовашанаваных. А вось у праваслаўі святы-людаед з галавой сабакі яшчэ доўга нікога не турбаваў. Наадварот, ягоны выгляд лічылі сімвалічным адлюстраваннем ягонай грубасці і лютасці, калі ён яшчэ быў язычнікам.
Шмат стагоддзяў у праваслаўі з пераменным поспехам спрабуюць адмовіцца ад канону маляваць Святога Хрыстафора з галавой сабакі. Абраз XVII стагоддзя. Прыморская дзяржаўная карцінная галерэя
У рускім іканапісе выявы Святога Хрыстафора з сабачай галавой вядомыя з другой паловы XVI стагоддзя. У 1772 годзе Свяцейшы сінод Рускай царквы вырашыў забараніць абразы, на якіх Хрыстафор адлюстраваны з галавой сабакі, бо яны «адваротныя існасці, гісторыі і самой праўдзе». Але змены не ўхваліў расійскі ўрад, бо народ шануе такія абразы. Але абразы пачалі перамалёўваць, змяняючы галаву сабакі на чалавечую. Зрэшты, стараверы не адмовіліся ад традыцыі маляваць сабакагаловага святога.
Фрэска з выявай Святога Хрыстафора на слупе Успенскага сабора ў расійскім Свіяжску. XVI стагоддзе. Фота: tatarica.org
У інтэрнэце можна адшукаць мноства праваслаўных абразоў са святым з галавой сабакі. Яны выглядаюць як фотамантаж, вынік працы нейрасетак, але абсалютная большасць з іх сапраўдныя, некаторыя дагэтуль можна знайсці на сценах манастырскіх храмаў ці ў музейных калекцыях Расіі.
З часам галава сабакі была пераасэнсаваная ці то на конскую, ці то на свіную, а можа проста іканапісцы не ўмелі маляваць сабак. З кім не бывае, на палотнах галандскіх майстроў таксама каты не вельмі падобныя да катоў. У рускім іканапісе XIX стагоддзя нават з'явіўся не вельмі зразумелы красовер розных царкоўных гісторый: святы-людаед намаляваны разам з велікамучаніцай Сафіяй і дочкамі-мучаніцамі Верай, Надзеяй і Любоўю.
Выстаўка абразоў сабакагаловага Святога Хрыстафора ў расійскім Свіяжску. Фота: Праваслаўе ў Татарстане
Каб вы пераканаліся ў тым, што гэта не жарт, у канцы артыкула мы змясцілі галерэю праваслаўных абразоў з сабакагаловым святым рознага перыяду стварэння і з розных калекцый.
Якога святога-заступніка выбраць праваслаўным квадроберам, Святога Варвара, які забіў сотні людзей і хадзіў на карачках, або Святога Хрыстафора, які быў людаедам і меў галаву сабакі, справа іх густу. Калі святымі, якім моляцца ў храмах, могуць стаць зверападобныя забойцы, то хіба так страшна, што падлеткі поўзаюць па зямлі і паводзяць сябе як жывёлы?
Рускі абраз «Мучанік Хрыстафор». Руская Поўнач. Другая палова XVI стагоддзя. Дзяржаўны гістарычны музей
Рускі абраз «Мучанік Хрыстафор» з Чарапаўца. Канец XVII стагоддзя. Чарапавецкае музейнае аб'яднанне
Рускі абраз «Святы мучанік Хрыстафор». XVII стагоддзе. Дзяржаўны Эрмітаж
Рускі абраз «Рускі мучанік Хрыстафор». Канец XVII — пачатак XVIII стагоддзя. Мастацкая культура Рускай Поўначы
Узор для рускіх абразоў з выявай Святога Хрыстафора. XIX стагоддзе. Дзяржаўны гістарычны музей
Рускі абраз «Святыя мучанікі Хрыстафор і Парамон». XIX стагоддзе. Саратаўскі абласны музей краязнаўства
Рускі абраз «Святы Хрыстафор Псеглавец». XIX стагоддзе. Дзяржаўны палацава-паркавы музей-запаведнік «Астанкіна і Кускава»
Рускі лубок з выявай Святога мучаніка Хрыстафора. XIX стагоддзе. Дзяржаўны музей выяўленчых мастацтваў імя А. С. Пушкіна
Узор для рускіх абразоў. Святыя Сафія, Вера, Надзея, Любоў і мучанік Хрыстафор. Канец XIX стагоддзя. Дзяржаўны гістарычны музей
Рускі абраз «Мучанік Хрыстафор і мучаніцы Сафія, Вера, Надзея, Любоў». Другая палова XIX стагоддзя. Дзяржаўны гістарычны музей
Рускі абраз «Святыя Вера, Надзея, Любоў, Сафія і мучанік Хрыстафор». XIX стагоддзе. Дзяржаўны гістарычны музей
Рускі абраз «Выбраныя Святыя Сафія, Вера, Надзея, Любоў і Св. Хрыстафор перад Спасам Эмануілам». Канец XIX стагоддзя. Музей горада Юр'еўца
Рускі абраз «Мучаніцы Вера, Надзея, Любоў з маці вялікамучаніцай Сафіяй і мучанік Хрыстафор». XIX стагоддзе. Дзяржаўны гістарычны музей
Сучасная руская ікона Святога Хрыстафора, напісаная ў 2014 годзе. Малаяраславецкі музейна-выставачны цэнтр імя І. А. Салдаценкава