«Пад роспіс даводзяць, што гэта абавязкова». Дзяржаўных сцягоў на беларускіх шматпавярховіках стане больш

Па інфармацыі «Нашай Нівы», у Гродне неўзабаве дзяржаўныя сцягі могуць з'явіцца на кожным жылым шматпавярховіку. 

19.10.2024 / 08:00

Ілюстрацыйнае фота: pravo.by

Старшыняў жыллёва-будаўнічых кааператываў у Гродне гэтай восенню актыўна пачалі выклікаць у мясцовыя выканкамы.

Там, па інфармацыі крыніцы, ім пад роспіс даводзілі, што да канца кастрычніка на іх доме ў абавязковым парадку мусіць быць усталяваны дзяржаўны сцяг. 

Набываць і ўсталёўваць сімволіку жыхары мусяць за ўласны кошт. Дзяржава свае грошы на гэта не вылучае.

Работы па «папулярызацыі і размяшчэнні дзяржаўнай сімволікі» актыўна вядуцца ў Беларусі ад самага пачатку 2021 года. Паступова дзяржаўная сімволіка пачала ўсё часцей з'яўляцца на дахах шматпавярховых жылых дамоў. Як правіла, на тых дамах, якія мелі вялікую колькасць паверхаў і былі дамінантай у мікрараёне або знаходзіліся блізу цэнтра і галоўных дарог. 

Цяпер вынікае, што практыку хочуць распаўсюдзіць і на шэраговыя шматпавярховікі, якія знаходзяцца ў спальных раёнах горада — як гэта цяпер збіраюцца рабіць у Гродне.

Nashaniva.com