Украіна апублікавала ВІДЭА з дзясяткамі салдат КНДР, якія атрымліваюць расійскую форму

Украінскі цэнтр стратэгічных камунікацый апублікаваў відэа, на якім, як сцвярджаецца, паўночнакарэйскія салдаты атрымліваюць расійскі рыштунак. Гэта нібыта нядаўна атрыманыя кадры, якім не больш за 72 гадзіны.

18.10.2024 / 22:48

Скрыншот з відэа

«Гэта Сяргееўскі палігон на Далёкім Усходзе Расіі», — гаворыцца ў паведамленні.

Выданне «Важные истории» высветліла, што на відэа сапраўды чуваць карэйскую мову. Адзін з салдат пытаецца на карэйскай: «Што гэта?» Таксама выразна чутно слова, якое перакладаецца як «вада».

Напярэдадні ў тэлеграм-канале Para Pax, таксама, як выглядае, звязаным з украінскімі спецслужбамі, з'явіліся яшчэ два відэа, як сцвярджаецца, з салдатамі з КНДР на палігоне. «Гэта толькі пачатак, там яшчэ далей», — каментуе аператар. На відэа чуваць выкрыкі аднаго з салдат.

Два эксперты, якіх ананімна апыталі «Важные истории», пацвердзілі, што на гэтых кадрах таксама «неразборліва гавораць па-карэйску» — пра гэта сведчаць канчаткі вымаўленых слоў.

Украінскі OSINT-праект CyberBoroshno геалакаваў відэа — па словах аналітыкаў, яны таксама знятыя ў Сяргееўцы Прыморскага краю, недалёка ад расійскай мяжы з КНДР.

Раней спецслужбы Украіны і Паўднёвай Карэі заявілі, што КНДР збіраецца адправіць у Расію 11-12 тысяч вайскоўцаў. Праўда, незалежных пацвярджэнняў гэтай інфармацыі пакуль што няма.

ГУР Украіны: У лістападзе на вайне акажуцца 11 000 салдат з КНДР

ЗША не пацвярджаюць адпраўку ва Украіну паўночнакарэйскіх вайскоўцаў

КНДР сцвярджае, што 1,4 млн чалавек падалі заяўкі на ўступленне ў армію

Пуцін унёс у Дзярждуму законапраект аб усеагульным стратэгічным партнёрстве з КНДР

Ракетным ударам украінцы знішчылі каля Данецка шасцярых афіцэраў з КНДР — Kyiv Post

Nashaniva.com