Украіна вярнула з палону яшчэ 95 чалавек

Асаблівасцю гэтага абмену стала тое, што дадому вярнулі нямала ўкраінцаў, якія былі асуджаныя расійскімі судамі і атрымалі працяглыя тэрміны зняволення і нават пажыццёвае.

19.10.2024 / 08:18

Фоты з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Каардынацыйны штаб па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі правёў 58-ы абмен ваеннапалоннымі — дадому вярнуліся яшчэ 95 абаронцаў Украіны.

«95 нашых людзей зноў дома. Воіны, якія абаранялі Марыупаль і «Азоўсталь», Данеччыну, Луганшчыну, Харкаўшчыну, Кіеўшчыну, Чарнігаўшчыну, Херсоншчыну. Кожны раз, калі Украіна ратуе сваіх людзей з расійскага палону, мы набліжаем дзень, калі свабода будзе вернутая ўсім, хто знаходзіцца ў расійскай няволі», — напісаў Уладзімір Зяленскі.

У каардынацыйным штабе паведамілі, што асаблівасцю гэтага абмену стала тое, што дадому вярнулі нямала ўкраінцаў, якія былі асуджаныя расійскімі судамі і атрымалі працяглыя тэрміны зняволення (28 чалавек) і нават пажыццёвае (20 абаронцаў). 

Сярод вызваленых з палону нацгвардзейцы, ваенныя маракі, воіны УСУ, пагранічнікі і прадстаўнікі іншых падраздзяленняў сіл бяспекі і абароны.

Nashaniva.com