Памёр псіхолаг Філіп Зімбарда — аўтар знакамітага Стэнфардскага эксперыменту

Філіп Зімбарда памёр ва ўзросце 91 года ў Сан-Францыска.

19.10.2024 / 11:05

Філіп Зімбарда, zimbardo.com

Філіп Зімбарда нарадзіўся ў Нью-Ёрку 23 сакавіка 1933 года. У 1959 годзе ён атрымаў ступень доктара філасофіі па псіхалогіі.

У 1960-1967 гадах Зімбарда быў прафесарам псіхалогіі каледжа мастацтваў і навук Нью-Ёркскага ўніверсітэта. Затым год выкладаў у Калумбійскім універсітэце, а з 1968 года быў прафесарам у Стэнфардзе.

Больш за ўсё Зімбарда вядомы псіхалагічным эксперыментам, які ён правёў у 1971 годзе. Яго называюць Стэнфардскі або турэмны эксперымент. Ён быў накіраваны на даследаванне рэакцыі чалавека на абмежаванне волі, на ўмовы турэмнага жыцця і ўплыў навязанай сацыяльнай паводніцкай мадэлі.

Зімбарда падзяліў 24 студэнтаў каледжа на «ахоўнікаў» і «зняволеных», якія жылі ва ўмоўнай турме ў падвале факультэта псіхалогіі Стэнфарда. Яны ўдзельнічалі ў эксперыменце за ўзнагароджанне падчас канікул.

Эксперымент павінен быў працягнуцца два тыдні, але быў перапынены пасля шасці дзён па этычных меркаваннях.

У працэсе кожны трэці «ахоўнік» праявіў садысцкія схільнасці, а двое «зняволеных» былі выключаны з эксперыменту раней часу з-за моцнай маральнай траўмы.

Nashaniva.com