«Цяперашняя сітуацыя ў Беларусі ні ў якое параўнанне не ідзе з Польшчай у 1980-х» — віцэ-спікер Сената Польшчы
«У беларусаў ёсць маральнае права быць членамі Еўрапейскага Саюза», — заявіў таксама віцэ-спікер Сената Польшчы Міхал Каміньскі.
19.10.2024 / 17:41
Міхал Каміньскі. Фота: асабістая старонка палітыка ў фэйсбуку
Віцэ-спікер Сената Польшчы Міхал Каміньскі ў інтэрв'ю ютуб-шоу «Обычное утро» падзяліўся сваім поглядам на палітыку Польшчы адносна Беларусі. На яго погляд, цяпер у Польшчы не хапае разумення маштабу беларускай дыктатуры. Таму пастаянна здараюцца выпадкі перадачы польскімі ўладамі звестак пра грамадзян Беларусі беларускаму боку.
«Яны лічаць, — заўважае Каміньскі, — што на беларускім баку знаходзяцца звычайныя нармальныя дзяржаўныя структуры, з якімі можна абмяняцца данымі пра сваіх грамадзян. Ні ў якім разе нельга трактаваць беларускіх, нават самых нізкіх [ніжэйшага ўзроўню] чыноўнікаў як чыноўнікаў нармальнай дзяржавы. Гэта злачынная дзяржава на чале з самым вялікім злачынцам».
Таксама, на думку віцэ-спікера Сената Польшчы, у яго краіне «не хапае разумення, што значыць цяпер у Беларусі быць апазіцыянерам».
«Палякі гэта параўноўваюць з нашымі 80-мі гадамі, якія абсалютна непараўнальныя. Я быў тады апазіцыянерам. (…) Я на самой справе нічога не баяўся. Мы маглі смяяцца проста ў твар тагачасным міліцыянтам. Я літаральна пляваў на фатаграфіі Леніна і Дзяржынскага ў маёй школе, і мне ніхто нічога за гэта не зрабіў.
Мы спявалі ўсе патрыятычныя, антыкамуністычныя песні. І нічога. Камуністы тады, у канцы 80-х, нас баяліся, а не мы іх. Гэта, зразумела, непараўнальна з абстаноўкай у сённяшняй Беларусі, дзе людзей проста за лайк… Жывучы на Захадзе, цяжка ўявіць, што за тваю актыўнасць у сацсетках на асабістым узроўні цябе могуць судзіць. (…)
Палякі не адчуваюць маштабу рэпрэсій і цяжкасці абстаноўкі, у якой знаходзяцца сёння беларусы. І над гэтым трэба працаваць — разуменнем на ўзроўні палітыкаў і звычайных грамадзян», — гаворыць Каміньскі.
Адказваючы на пытанне, што трэба зрабіць дэмакратычным сілам Беларусі, каб звярнуць увагу насельніцтва на сітуацыю ў Беларусі, польскі парламентарый адзначыў, што бачыць у гэтым большую ролю СМІ, а не палітыкаў. Як ён тлумачыць:
«Польшча цяпер настолькі дэмакратычная краіна, што давер да палітыкаў не вельмі вялікі. (…) Калі палітыкі пачынаюць нейкую тэму, хутчэй за ўсё, народ будзе ставіцца да гэтага з падазрэннем».
Каміньскі адзначае, што грунту для нейкай нянавісці паміж палякамі і беларусамі няма. Беларусы здаўна жывуць на тэрыторыі сучаснай Польшчы, з'яўляюцца афіцыйна прызнанай нацыянальнай меншасцю «са сваёй рэлігіяй і мовай, самавызначэннем».
І гэты факт працуе на карысць таго, каб Польшча выкарыстала «еўрапейскі аргумент у працы ўнутры беларускага грамадства: выбар, які стаіць перад беларускім народам, — гэта на самой справе выбар паміж рускім і еўрапейскім светам».
На погляд польскага парламентарыя, беларусы маюць поўнае права ў будучыні быць часткай Еўрапейскага Саюза:
«Беларусы — гэта нацыя, якая ў нас у гады Другой сусветнай вайны і потым заўсёды цярпела. А беларусы ніколі, ніколі ні на каго не нападалі. Гісторыя паміж Польшчай і Украінай — гэта гісторыя шмат якіх злачынстваў з абодвух бакоў. (…) У гэтым плане беларусы нічога дрэннага нікому не зрабілі. Палякі, на жаль, шмат дрэннага зрабілі беларускай меншасці. (…)
У гісторыі беларускай нацыі гэтага не было. Гэта мірная нацыя, якая давала хлеб Еўропе, давала мір Еўропе, давала добрых людзей Еўропе. У беларусаў ёсць маральнае права быць членамі Еўрапейскага Саюза. Бясспрэчнае».
Віцэ-спікер Сената Польшчы назваў абмежаванні на ўезд у Еўрасаюз для беларусаў амаральнымі
«Салідарнасць»: рух, які змяніў свет і гісторыю