У Гродне запусцілі бот падбору практыкаванняў лячэбнай фізкультуры, які замяняе дактароў

Удзельнікі і лаўрэаты конкурсу Social Weekend у 2017 і 2019 гадах, гродзенцы Дзяніс і Дар’я Цішыны нядаўна запусцілі новы праект — «Фізіябот». Гэта чат-бот у тэлеграме, які падбірае практыкаванні ЛФК і вучыць карыстальнікаў правільна іх выконваць, піша Devby.io.

19.10.2024 / 19:23

Прадпрымальнік і бізнэс-аналітык Дзяніс Цішын і ягоная жонка Дар’я — доктар-неўролаг і рэабілітолаг — не першы год займаюцца праектамі дапамогі людзям, якія маюць патрэбу ў рэабілітацыі пасля інсульту, траўмаў і аперацый. 

У 2017 і 2019 годзе праекты Дзяніса і Дар'і прызнаваліся найлепшымі ў намінацыі «Здароўе і адукацыя» на конкурсе Social Weekend. Адным з гэтых праектаў была платформа «feezio — практыкаванні па рэцэпце».

Шмат гадоў feezio быў даступны выключна для прафесіяналаў — дактароў і інструктараў па рэабілітацыі. З дапамогай платформы тыя складалі праграмы практыкаванняў для сваіх пацыентаў. Аднак сам пацыент не мог самастойна выбраць практыкаванні ў праграме — толькі па прамой спасылцы ад спецыяліста. 

«Але попыт на рэабілітацыю значна вышэйшы, чым прапанова, — кажа Дар’я. — У Беларусі знайсці інструктара або рэабілітолага — цэлы квэст.

Таму людзі вымушаныя шукаць практыкаванні самі — у інтэрнэце, забіваючы ў пошук «праграмы пры болю ў спіне» або «курс практыкаванняў пасля інсульту», напрыклад. У выніку яны знаходзяць курсы ад аматараў, «якія мы, спецыялісты-рэабілітолагі, часта паміж сабой вельмі лаем», — дадае дзяўчына.

У нейкі момант Дзяніс і Дар’я вырашылі: трэба адкрыць ахвотным доступ да сваіх праграм. Якраз гэтым часам у Расіі пачалі блакаваць YouTube — і пара вырашыла, што гэта знак: бот з практыкаваннямі ЛФК патрэбны рускамоўнай аўдыторыі як ніколі.

«Усё самае складанае на той момант было зроблена: кантэнт — а гэта тысячы відэа з практыкаваннямі — мы знялі на некалькі гадоў раней для feezio. Тады ж склалі не адзін дзясятак праграм — як шаблоны для спецыялістаў. Заставалася толькі зрабіць сам бот і заліць туды відэа». 

У выніку ад ідэі да гатовага прадукту прайшло ўсяго два месяцы. «Фізіябот» зарэлізілі пару тыдняў таму, і ў першы ж тыдзень на яго падпісалася 2000+ чалавек, не менш за 10% карыстальнікаў — гэта дактары.

У першай версіі бота быў толькі спіс практыкаванняў. Пазней дадалі «сімптаматар» у выглядзе чалавека — клікаеш на любую зону на яго целе і бачыш пералік праграм. 

Да боту прыкручаны «Фізіячат»: калі карыстальнік не можа зарыентавацца ў спісе, ён можа напісаць туды. На пытанні ў чаце адказвае сама Дар’я, а таксама яе калегі — фізічныя тэрапеўты і рэабілітолагі.

Але распрацоўшчыкі хочуць з часам ад гэтага адысці, дадаўшы ў боце магчымасць шукаць і знаходзіць дактароў або інструктараў па рэабілітацыі — каб карыстальнікі звярталіся непасрэдна да іх. 

Цяпер у боце больш за 80 праграм, але неўзабаве плануюць дадаць яшчэ каля 15-20 — па запытах, якія прыйшлі ў «Фізіячат». 

«Мы з Дзянісам днямі абмяркоўвалі: доктару трэба хуткая магчымасць знайсці канкрэтную праграму практыкаванняў, каб так жа хутка рэкамендаваць яе свайму пацыенту. Таму мы вырашылі зрабіць каталог праграм з нумарамі — дадамо на гэтым тыдні», — кажа Дар’я.

Цішыны яшчэ плануюць працаваць над інтэрфейсам, каб «Фізіябот» стаў інтуітыўна зразумелым. Але ўжо цяпер галоўны фідбэк ад калег — словы падзякі: альтэрнатывы боту ў выглядзе платформы, на якой былі б сабраныя ўсе практыкаванні для рэабілітацыі пры розных захворваннях, у рускамоўным асяроддзі проста няма.

На пытанне пра тое, колькі ўкладзена ў распрацоўку, Дзяніс і Дар’я адказваюць, што перасталі лічыць грошы яшчэ пару гадоў таму — калі рабілі feezio. На той момант сума ўкладанняў складала каля $70 тысяч. 

«Мы аплачвалі і здымку ў студыі, і агучку, і мантаж, і працу праграмістаў», — кажа Дар’я.

Дзяніс дадае, што ў праект было таксама ўкладзена нямала іх уласнай працы:

«Напрыклад, усе сцэнары відэа і апісанне Дар’я распрацоўвала сама, — а гэта задача складанейшая нават, чым распрацоўка софту. Трэба было апісаць усё да дробязяў: як выконваць практыкаванні (гэта ж важна), паказаць ракурс — дзе паставіць камеру. Таму што, калі здымаць без сцэнара, прадукцыйнасць — 1 практыкаванне на гадзіну, а ў нас іх — парадку 1100. Мы нават рабілі пакадравыя замалёўкі — як у вялікім кіно».

Спартоўка Марына Арзамасава кінула трэнерскую працу, каб ратаваць дачку з цяжкім аўтаімунным захворваннем

«Думаў: а яшчэ я звёў чалавека ў магілу». Беларус пра тое, як жыве з трывожна-дэпрэсіўным разладам

«Пасля траўмы муж кінуў — я да гэтага была гатова». Гісторыя Дашы, якая выжыла ў страшнай аварыі

Nashaniva.com