Беспілотнікі атакавалі абаронны завод у Дзяржынску Ніжагародскай вобласці

Завод з'яўляецца адным з найбуйнейшых расійскіх вытворцаў выбуховых рэчываў.

20.10.2024 / 08:41

Расійскія тэлеграм-каналы са спасылкай на мясцовых жыхароў паведамілі пра выбухі ў раёне «Завода імя Я.М. Свярдлова» — прадпрыемства ў Дзяржынску Ніжагародскай вобласці.

Як піша тэлеграм-канал SHOT, відавочцы чулі каля 10 выбухаў з інтэрвалаў у некалькі хвілін і бачылі дым у раёне завода.

Чацвёра супрацоўнікаў пажарнай часткі параненыя ў Дзяржынску ў выніку атакі беспілотнікаў, пацвердзілі атаку абласныя ўлады.

«Завод імя Я.М. Свярдлова» з'яўляецца адным з найбуйнейшых расійскіх вытворцаў выбуховых рэчываў, як для прамысловых мэт, так і для ўсіх відаў боепрыпасаў.

З 2023 года прадпрыемства знаходзіцца пад санкцыямі ЕС, ЗША і Вялікабрытаніі.

Усяго сілы СПА Расіі за ноч знішчылі 110 украінскіх беспілотнікаў над рэгіёнамі Расіі, паведамілі ў Мінабароны РФ: 43 — над Курскай вобласцю, 27 — над Ліпецкай, 18 — у Арлоўскай, 8 — у Ніжагародскай, 7 — у Белгародскай, 6 — у Бранскай і адзін у Падмаскоўі.

Nashaniva.com