Што вядома пра наравірус, успышка якога адбылася ў Брэсце: сімптомы, заразнасць, лячэнне

Хворы на наравірус чалавек заразны на працягу месяца. 

20.10.2024 / 12:18

Ілюстрацыйны здымак. Фота: vecteezy.com

У брэсцкую бальніцу падлеткі паступалі вечарам 17 кастрычніка і раніцай 18 кастрычніка. Паводле даных Міністэрства аховы здароўя на 19 кастрычніка, стан усіх шпіталізаваных пацыентаў быў сярэдняй цяжкасці, стабільны, са станоўчай дынамікай.

Наравірус вельмі заразны. Усяго 10—100 часціц віруса дастатковыя для заражэння гэтай інфекцыяй, піша «Камсамолка». 

Інфікаваны чалавек заразны як на піку з захворвання, так і на працягу месяца, калі ўжо нават ён сам забыўся пра сімптомы. Адзін хворы наравірусам, у сярэднім, заражае да 14 чалавек. Гэта супастаўна з заразлівасцю каранавірусам.

Як растлумачыла парталу 24health.by кандыдатка медыцынскіх навук Наталля Рыбак, інкубацыйны перыяд залежыць ад дозы вірусных часціц, якія трапілі ў арганізм. Чым іх больш, тым больш ранні і бурны пачатак хваробы.

Мінімальны тэрмін да першых сімптомаў — 12 гадзін, максімальны — 5-7 дзён. У сярэднім 1-3 дні.

Часцей за ўсё перадача віруса паходзіць ад хворага чалавека да здаровага праз прадметы ўжытку. Магчымы шлях перадачы — праз нямытыя рукі, пасля ўжывання ў ежу прадуктаў харчавання, інфікаваных хворым падчас прыгатавання ім ежы.

Кішачныя вірусы, да якіх адносіцца і наравірус, у прадуктах, у вадзе, на паверхні прадметаў не размнажаецца, але здольныя доўга, да 3-4 тыдняў, жыць і быць актыўным. Звычайнай вільготнай уборкай іх не прыбярэш. Забіць наравірус могуць толькі сродкі з хлорам, якія дэзынфікуюць.

Сімптомы наравіруса

Сярод характэрных сімптомаў — млоснасць, ваніты, падвышаная тэмпература цела, панос, слабасць.

Наталля Рыбак адзначыла, што вірус пашкоджвае эндатэлій кішэчніка. Гэта можа прывесці да далучэння бактэрыяльнай інфекцыі.

У групе рызыкі па наравіруснай інфекцыі — дзеці і падлеткі, якія знаходзяцца ў адным калектыве, а таксама пажылыя людзі.

Звычайна сімптомы ў дарослых захоўваюцца 1-3 дні. На трэція-чацвёртыя суткі хваробы становіцца лягчэй. Ускладненае цячэнне наравіруснага гастраэнтэрыту з курчамі, абязводжваннем, сардэчнымі парушэннямі назіраецца ў пажылых людзей і пацыентаў з цяжкімі хранічнымі паталогіямі.

Лячэнне наравіруса, імунітэт

Спецыфічнага лячэння наравіруса ў дарослых не існуе. Часцей за ўсё арганізм самастойна спраўляецца з інфекцыяй, у складаных выпадках — стацыянар і дапамога дактароў там. Галоўнае — прадухіліць абязводжванне.

Пасля хваробы арганізм выпрацоўвае імунітэт да віруса, але на вельмі кароткі перыяд. Некаторыя медыкі называюць бяспечным пасля хваробы тэрмін не больш за 2 месяцы, некаторыя — 6-12 месяцаў.

Nashaniva.com