Дзермант русіфікаваў назву часопіса, у якім працуе галоўным рэдактарам

Часопіс для работнікаў сістэмы адукацыі «Гісторыя і грамадазнаўства» з прыходам новага кіраўніка змяніў і канцэпцыю, і назву.

20.10.2024 / 15:53

Прапагандыст Аляксей Дзермант у маі 2024 года стаў галоўным рэдактарам навукова-метадычнага часопіса «Гісторыя і грамадазнаўства». Выданне было прызначана для для настаўнікаў гісторыі, грамадазнаўства, навукова-педагагічных работнікаў, аспірантаў, магістрантаў, студэнтаў, у ім публікаваліся як артыкулы па методыцы выкладання гісторыі і грамадазнаўства, так і агульнагістарычныя працы.

Пры Дзерманте адзін з нумароў выйшаў яшчэ з ранейшай назвай. Цяпер галоўрэд прадставіў новую канцэпцыю выдання, якое называецца ўжо па-руску — «История и современность».

Фота: тэлеграм-канал Аляксея Дзерманта

З навукова-метадычнага часопіс ператварыўся ў навукова-папулярны. Асноўнай задачай выдання называецца «папулярызацыя дзяржаўных ідэалагічных і гістарычных канцэптаў Рэспублікі Беларусь». Пашырылася і мэтавая аўдыторыя, у якую ўключылі работнікаў органаў улады і ідэалагічнай вертыкалі, работнікаў СМІ, прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый і партый.

Першы нумар абноўленага часопіса прысвечаны «Дню народнага адзінства». На яго старонках Дзермант разважае пра беларускую ідэю, дэпутат і экс-кіраўнік Інстытута гісторыі НАН Вячаслаў Даніловіч «разглядае ўз'яднанне Заходняй Беларусі з БССР як акт гістарычнай справядлівасці», а Юрый Глушакоў расказвае, «як чырвоная кавалерыя ў 1939 годзе вызваляла Заходнюю Беларусь». Анансуюць і інтэрв'ю з «жывой легендай КДБ».

Калі часопіс «Гісторыя і грамадазнаўства» выходзіў адзін раз на два месяцы, то абноўленае выданне будзе выходзіць раз на квартал. У рэдкалегіі, акрамя Дзерманта, з'явіліся яго калегі — прапагандысты Пётр Пятроўскі і Аляксей Аўдонін. Выходзіць часопіс будзе ў тым жа выдавецтвы — «Адукацыя і выхаванне».

Часопіс «История и современность» застаўся ў спісе ВАК для апублікавання вынікаў дысертацый па гістарычных і філасофскіх навуках. Артыкулы на беларускай мове, мяркуючы па правілах публікацыі, ён працягвае прымаць.

Пад назвай «Гісторыя і грамадазнаўства» часопіс выдаваўся з 2011 года, калі аб'ядналіся рэдакцыі часопісаў «Гісторыя: праблемы выкладання» і «Чалавек. Грамадства. Свет».

«Московскій комсомолец» выдаліў свой артыкул пра Лукашэнку пасля скаргі Дзерманта

Выглядае, што Бондараву звольнілі з «Камуніста Беларусі». Цяпер яна абвінавачвае былых калег у дэрусіфікацыі

Бондарава назвала Дзерманта «патлатым хлопчыкам», які «праявіў свой латэнтны гомасэксуалізм»

Дзермант стаў галоўным рэдактарам навуковага гістарычнага часопіса

Nashaniva.com