У Бабруйску ў бабулі на ноўтбуку не працаваў скайп. Майстар узяў з яе за рамонт 1130 рублёў

«Я зрабіў тое, што бачыў, тое, пра што мяне прасілі. Я рабіў тое, што трэба было зрабіць».

21.10.2024 / 14:49

У камісійную краму ў Бабруйску звярнулася пенсіянерка. Яна падзялілася з прадаўцамі сваім болем. У бабулі на ноўтбуку не працаваў гук у скайпе, і яна вырашыла звярнуцца да камп'ютарнага майстра па аб'яве, што ўбачыла на пад'ездзе.

За вырашэнне такой несур'ёзнай праблемы пенсіянерка аддала 1130 рублёў, піша Onliner.

Яна паказала акт выкананых работ. З яго вынікае, што майстар вырашыў зрабіць дэфрагментацыю цвёрдага дыску, цалкам пераўсталяваць Windows, усталяваць іншыя праграмы і наладзіць уліковы запіс:

Майстар узяў за паслугі ў некалькі разоў больш, чым у сярэднім па рынку. Па самых грубых падліках, агульная сума за ўсе гэтыя працы не мусіла перавышаць 200-300 рублёў.

Супрацоўнікі магазіна звязаліся з майстрам, каб зразумець, навошта ён так зрабіў з пенсіянеркай. У іх адбыўся такі дыялог:

— Андрэй Уладзіміравіч?

— Так, гэта я. 

— Андрэй Уладзіміравіч, вы тут вось жанчыне камп’ютар рабілі на 1130 рублёў.

— Слухаю, так.

— Я вось у вас хацеў удакладніць, а навошта вы дэфрагментацыю HDD зрабілі, для чаго?

— Ну таму што камп’ютар дрэнна загружаўся, павольна працаваў. Камп’ютар ужо старэнькі, гэта значыць трэба было аднаўляць.

— За 1130 рублёў можна было новы ноўтбук купіць, а вы …

— Які новы ноўтбук? Зайдзіце, калі ласка, у краму і паглядзіце, колькі каштуюць ноўтбукі. Даведайцеся, колькі аперацыйная сістэма каштуе і гэтак далей.

— А навошта ёй у краму заходзіць? У яе старэнькі ноўтбук, яна б з рук купіла за 300 рублёў, а вы на 1130 глупства ўсякае напісалі.

— Яна магла купіць, і дзе гарантыя, што ў яе б добра працавала?

— Андрэй Уладзіміравіч, гэта яе справа, а не ваша. Вы навошта вось гэта рабілі за такія грошы?

— Я зрабіў тое, што бачыў, тое, пра што мяне прасілі. Я рабіў тое, што трэба было зрабіць.

Nashaniva.com