У Крыме львы загрызлі супрацоўніцу парку. Год таму жывёл прывезлі з Марыупаля

Супрацоўніца парку львоў «Тайган» у Крыме Леакадзія Перавалава загінула 16 кастрычніка падчас уборкі клеткі з трыма драпежнікамі.

20.10.2024 / 23:38

Леакадзія Перавалава. Фота: парк «Тайган»

Жанчына не зачыніла засаўку дзверы паміж двума памяшканнямі клеткі. У выніку львы напалі на жанчыну, прычыніўшы ёй смяротныя траўмы, піша агенцтва ТАСС.

Дырэктар парку Алег Зубкоў паведаміў, што супрацоўнікі, якія прыбылі на месца, ужо не маглі аказаць якую-небудзь дапамогу Перавалавай. Паводле яго слоў, львоў, якія разадралі супрацоўніцу, ўсыпляць не будуць.

У дзень здарэння ішоў праліўны дождж, і гэта магло справакаваць напад, паколькі падчас залевы львы паводзяць сябе асабліва, выказаў здагадку дырэктар.

«Мяне жахнула тое, што львы, нягледзячы на тое, што яны былі сытыя, здаровыя, моцныя, яны не проста забілі, а яшчэ і абгрызлі, пачалі гладаць ногі [Перавалавой]. У гэтым жах, таму што, калі львы паспрабавалі чалавечага мяса, яны становяцца людаедамі»,

расказваў Зубкоў «Ізвестіям».

Львы, якія напалі на жанчыну, з'явіліся ў «Тайгане» толькі год таму. Іх прывезлі туды з Марыупальскага заапарка.

Пасля здарэння распачалі крымінальную справу па факце парушэнняў патрабаванняў аховы працы, якія пацягнулі па неасцярожнасці смерць чалавека (ч. 2. 143 КК РФ).

41-гадовая Леакадзія Перавалава пачынала працаваць рабочай па доглядзе жывёл, затым стала дырэктарам Ялцінскага заапарка «Казка». Жанчына была дасведчаным спецыялістам і навучала іншых супрацоўнікаў, як паводзіць сябе з драпежнымі жывёламі.

Nashaniva.com