Інтрыга захоўваецца на выбарах і рэферэндуме ў Малдове

Вёска прагаласавала на рэферэндуме па інтэграцыі ў ЕС «супраць», але галасы Кішынёва і дыяспары могуць усё змяніць. Таксама пакуль няясна, з якім адрывам перамагае Мая Санду.

21.10.2024 / 00:10

Мая Санду. Фота: інстаграм Санду

Прэзідэнцкія выбары і рэферэндум аб уступленні Малдовы ў ЕС прайшлі ў нядзелю 20 кастрычніка. 

Дзейны прэзідэнт Мая Санду перамагае. Па выніках апрацаваных 80% бюлетэняў, за яе прагаласавала 36,82% выбарцаў, за яе асноўнага суперніка Аляксандра Стаяногла — 29,18%. Найхутчэй, будзе другі тур выбараў.

Па рэфэрэндуме пра ЕС ЦВК апрацаваў 78,41% бюлетэняў. Рух у ЕС падтрымала 44,84% выбарцаў, супраць выказалася 55,16%.

Пакуль пераважна апрацаваны галасы з вёсак, але галасы з Кішынёва і замежжа могуць істотна паўплываць на вынікі.

Выбаршчыкі атрымлівалі два бюлетэні. Першы, шэрага колеру, з пералікам кандыдатаў у прэзідэнты. А другі, фіялетавы, з тэкстам паправак у Канстытуцыю і пытаннем аб тым, ці падтрымліваюць яны змяненне Канстытуцыі з мэтай далучэння Малдовы да ЕС.

Згодна з данымі ЦВК, прагаласавала 51,5% выбарцаў.

Каб галасаванне было прызнана сапраўдным, трэба было пераадолець парог выбарчай яўкі ў 33%.

На пост прэзідэнта прэтэндавала 11 кандыдатаў. Новым кіраўніком краіны стане той, хто набярэ абсалютную большасць галасоў. Калі ніхто не заручыцца такой падтрымкай, то праз два тыдні праводзіцца другі тур прэзідэнцкіх выбараў.

Nashaniva.com