ГУР заявіў пра забойства пілота расійскага бамбавіка, датычнага да атакі на гандлёвы цэнтр у Краменчугу

ГУР МА Украіны заявіў пра забойства ў вёсцы Супонева пад Бранскам пілота 52-га цяжкага бамбавальнага авіяпалка ВКС РФ Дзмітрыя Галянкова. 

21.10.2024 / 09:16

 Скрын відэа ГУР

«Ваенны злачынец займаў пасаду начальніка штаба расійскай авіяцыйнай эскадрыллі», — піша ГУР МА Украіны. 

Паводле паведамлення ГУР, Галянкоў датычны да ракетных удараў па ўкраінскіх грамадзянскіх аб'ектах, у прыватнасці па гандлёвым цэнтры «Амстор» у горадзе Краменчугу Палтаўскай вобласці.

«У момант атакі 27 чэрвеня 2022 года ў ГЦ знаходзіліся каля 1000 чалавек. У выніку ваеннага злачынства тады загінулі 22 чалавекі, дзясяткі атрымалі раненні», — піша ГУР.

Таксама Галянкоў, сцвярджае ГУР, адказны за ракетны ўдар па жылым доме ў Дняпры 14 студзеня 2023 года, калі загінула 46 грамадзянскіх украінцаў, сярод іх ― 6 дзяцей.

«Цела расійскага ваеннага злачынца Дзмітрыя Галянкова знайшлі з множнымі траўмамі галавы, прычыненымі, верагодна, малатком», — гаворыцца ў паведамленні ўкраінскай спецслужбы.

Nashaniva.com