Жыхар Смаргоні з балкона абстраляў дзяцей з пнеўматыкі — яны разбудзілі яго петардамі

Жыхар Смаргоні ў сярэдзіне верасня абстраляў групу падлеткаў з пнеўматычнага пісталета ў двары шматпавярховага дома па вуліцы Якуба Коласа.

21.10.2024 / 12:25

Скрыншот відэа МУС

Мужчына спаў у сябе ў кватэры, на гадзінніку было 6 вечара. У гэты час на вуліцы кампанія падлеткаў пачала ўзрываць петарды, ад чаго мужчына прачнуўся.

Ён вырашыў дзяцей напалохаць. Узяў пнеўматычны пісталет «Stalker» і тры разы стрэліў металічнымі шарыкамі ў напрамку кампаніі падлеткаў. Стралок сцвярджае, што ні ў каго канкрэтна не цэліўся, страляў хаатычна. Але адзін з шарыкаў трапіў у грудзі 15-гадоваму юнаку.

Падлеткі ўцяклі, а пазней бацькі пацярпелага дзіцяці звярнуліся ў міліцыю. Сілавікі знайшлі стрэлка і затрымалі яго. Цяпер у дачыненні да падазраванага распачата крымінальная справа па артыкуле «хуліганства».

Nashaniva.com