У Мінскі заапарк пераехаў леапард, якога вывезлі з акупаванага расіянамі Сватава

Расійскія войскі захапілі горад у Луганскай вобласці ў пачатку поўнамаштабнага ўварвання ў 2022 годзе. Баі каля Сватава ідуць і цяпер.

21.10.2024 / 14:14

Фота: wnh.vet

У Мінскі заапарк прывезлі леапарда па мянушцы Порш. Яму каля 3-4 гадоў, апошнім часам жывёла знаходзілася ў расійскім хоспісе для дзікіх катоў «Дом тыгра».

Работнікі заапарка расказалі дзяржСМІ, што Порша выратавалі з зоны баявых дзеянняў, але без канкрэтыкі. Мяркуючы па ўсім, да 2022 года Порш разам з яшчэ адным леапардам жыў ва ўкраінскім Сватаве Луганскай вобласці.

Расійскія войскі захапілі горад у самым пачатку поўнамаштабнага ўварвання — 6 сакавіка 2022 года. У верасні расіяне на нейкі час пакінулі Сватава на фоне наступлення УСУ, аднак потым вярнуліся. З таго часу горад знаходзіцца непасрэдна ў зоне інтэнсіўных баявых дзеянняў.

Аб лёсе гаспадара двух леапардаў нічога невядома. У кастрычніку 2023-га жывёл са Сватава расійскія валанцёры вывезлі ў хоспіс у Ленінградскай вобласці, дзе ўтрымліваюць жывёл, якім патрэбны асаблівы догляд. Аднак Порш быў цалкам здаровы, і для яго шукалі новы паўнавартасны дом.

У выніку леапарда вырашылі перадаць у Мінскі заапарк, дзе, дарэчы, ужо жыве адзін леапард — 17-гадовы Леа. 

Для Порша ў заапарку арганізавалі асобны вальер з тэрасай. У заапарку расказваюць, што леапард хутка адаптаваўся да новага месца.

У Крыме львы загрызлі супрацоўніцу парку. Год таму жывёл прывезлі з Марыупаля

Nashaniva.com