Лукашэнка хоча пабудаваць хуткасную магістраль ад Масквы да Берліна

Тэму будаўніцтва хуткаснай магістралі Лукашэнка збіраецца абмеркаваць з Пуціным.

21.10.2024 / 14:19

Амбіцыйнымі планамі Аляксандр Лукашэнка падзяліўся 21 кастрычніка на нарадзе па пытаннях развіцця аўтамабільных дарог і транспартнай інфраструктуры.

Лукашэнка зазначыў, што дамовіўся з Пуціным абмеркаваць будаўніцтва хуткаснай магістралі Масква — Брэст, піша БелТА.

«З прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным мы дамовіліся, што хуткім часам абмяркуем пытанні будаўніцтва хуткаснай магістралі праз Беларусь з Масквы на захад. Да Брэста прынамсі. Калі заходнікі захочуць у гэтым удзельнічаць, будзем да Берліна працаваць. Не — да Брэста і ў зваротным кірунку на ўсход. Гэта, можна сказаць, ужо пытанне вырашанае», — заявіў Лукашэнка.

Ён таксама даручыў спраектаваць хуткасныя чыгуначныя лініі да гарадоў-спадарожнікаў Мінска, да якіх адносяцца Дзяржынск, Заслаўе, Лагойск, Смалявічы, Фаніпаль і пасёлак Рудзенск.

«Нам трэба падумаць аб будаўніцтве больш хуткасных, незалежных ад аўтамабільных дарог, участкаў. Я не думаю, што гэта зойме шмат часу ці вялікіх грошай спатрэбіцца», — мяркуе Лукашэнка.

Nashaniva.com