Лукашэнка хоча, каб беларусы будавалі жыллё ў неперспектыўных вёсках

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што беларусаў трэба падштурхоўваць да вёскі. 

21.10.2024 / 13:44

Фота: eri2.nca.by

Неабходна ствараць умовы, каб беларусы часцей будавалі жыллё ў вёсках. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 21 кастрычніка на нарадзе па пытаннях развіцця дарог і транспартнай інфраструктуры. 

«Трэба ўсё ж нашых беларусаў павольна паварочваць, падштурхоўваць да таго, каб яны ў сёлах, неперспектыўных вёсках ці хутарах, дзе заўгодна, куплялі ўчасткі. Гэта ўсё ж амаль паўгектара ўчастак. А ёсць шмат участкаў, дзе ніколі людзі не жылі, але там можна пабудаваць жыллё. І багатых людзей дастаткова, небагатых, але жадаючых пабудаваць жыллё ў вёсцы, каб дзеці ў іх па траве маглі хадзіць басанож кожны год», — сказаў Лукашэнка.

Як падлічыла «Люстэрка», за апошнія 30 гадоў з карты Беларусі знікла амаль 1700 населеных пунктаў. У сярэднім кожны са 118 раёнаў нашай краіны канчаткова страціў ужо 14 вёсак. Многія вёскі пакуль яшчэ нібыта існуюць — але ўжо зусім без жыхароў. У перыяд кіравання Аляксандра Лукашэнкі, піша выданне, знікаюць нават тыя населеныя пункты, якія змаглі аднавіцца пасля знішчэння нацыстамі ў гады Другой сусветнай вайны.

Nashaniva.com