«У ZUS акруглілі вочы: яны ніколі пра такое не чулі». Як беларусы пераводзілі пенсію з Беларусі ў Польшчу

З 2022 года беларусы могуць атрымліваць сваю пенсію ў Польшчы, а польскія пенсіянеры — у Беларусі, але шмат хто пра гэтую функцыю дасюль не ведае. «Белсат» расказвае, як гэта працуе, і дзеліцца досведам тых, каму ўдалося гэта зрабіць.

21.10.2024 / 23:02

Фота ілюстрацыйнае

Як гэта працуе? 

Раней кожная краіна пры налічэнні пенсій улічвала толькі страхавы стаж (перыяды, калі работнік плаціў унёскі ў мясцовы фонд сацыяльнай абароны) у краіне. Але ў 2022-м набыло моц Пагадненне аб сацыяльным забеспячэнні паміж Польшчай і Беларуссю, якое краіны падпісалі тры гады таму, але ніяк не маглі ратыфікаваць.

З гэтага моманту Беларусь і Польшча сталі ўлічваць стаж працы пенсіянераў у абедзвюх краінах, а таксама выплачваць беларускую пенсію ў Польшчы ды наадварот. Але працуе гэта не для ўсіх пенсіянераў, а толькі для тых, хто стала жыве ў краіне і мае часовы ці пастаянны ДНЖ на любых падставах ці карту рэзідэнта ЕС. 

Акрамя таго, мінімальная пенсія ў Польшчы складае 1781 злоты (каля Br 1480), а гэта вышэй за нават сярэднюю пенсію ў Беларусі (у кастрычніку 2024 года яна склала Br 852), не кажучы ўжо пра мінімальную. Таму для большасці беларусаў у Польшчы ёсць сэнс падавацца на даплату да мінімальнай польскай пенсіі, калі яны маюць права на пенсію і паспелі заплаціць сацыяльныя ўнёскі ў Польшчы хаця б за адзін дзень.

Як падаць ​​заяўку на перавод пенсіі ў Польшчу, чытайце на сайце Установы сацыяльнага страхавання, ZUS

Гісторыя 1. «ФСАН спрабаваў перавесці пенсію на рахунак, але банк Santader адхіліў плацеж праз санкцыі»

Алена (імя змененае) пераехала ў Польшчу ў 2021 годзе разам з маці-пенсіянеркай. Маці адразу сказала, што таксама паедзе, бо «няма ніякага сэнсу сядзець у Беларусі ў адзіноце, калі сям'я — у іншай краіне».

«У 2020 годзе яна паглядзела на тое, што адбываецца ў краіне, і сказала, маўляў, давайце з'язджаць, пакуль не позна і яшчэ выпускаюць. Да таго ж майму сыну ў Беларусі спаўнялася 18 гадоў — яго таксама трэба было ратаваць з гэтага бязладдзя.

Перад ад'ездам маці пайшла ў ФСАН спытаць, як быць з пенсіяй, калі пераязджаеш у Польшчу.

Там ёй прапанавалі два варыянты. Першы — заявіць за тры месяцы, што яна з'язджае, і пенсію ёй па ад'ездзе проста перастаюць выплачваць. Другі — проста зрабіць выгляд, што яна да іх не прыходзіла, і атрымліваць пенсію на беларускую картку, але «не свяціць» ёю за мяжою.

Мы ў выніку выбралі другі варыянт і пакінулі картку знаёмаму, які здымаў грошы ў банкамаце ў еўра і проста перадаваў грошы маці».

Дарэчы, даверанасць маці Алены таксама паспела зрабіць у Беларусі, але тая аказалася бессэнсоўная: натарыус памылілася ў прозвішчы. Пры гэтым у 2023 годзе тэрмін банкаўскай карткі для атрымання пенсіі заканчваўся, а для падаўжэння трэба было ехаць у Беларусь. 

«Я пачытала на польскіх сайтах, як перавесці сюды беларускую пенсію, і ў канцы 2023 года мы пайшлі разам у найбліжэйшы ZUS. 

Там працаўнікі акруглілі вочы: мястэчка маленькае, ніхто дасюль з такім пытаннем яшчэ не звяртаўся. У выніку мы разам чыталі інструкцыю на іхным сайце і пісалі заяўку ў вольнай форме, што цэнтр жыццёвых інтарэсаў маці перайшоў з Беларусі ў Польшчу, таму просім перанесці і пенсію. 

Пазначылі там банкаўскія рахункі ў Беларусі і Польшчы, дадалі нумар пенсійнага пасведчання, нумар пашпарта, звесткі карты побыту». 

Пасля гэтага працаўнікі Установы сацыяльнага страхавання перанакіравалі заяву ў свой галаўны офіс у Лодзі, а той праз тры тыдні перанакіраваў яе ў ФСАН Беларусі. Пасля падачы Алена завяла кабінет ZUS PUE для маці, каб атрымліваць усе паведамленні анлайн, а не лістамі поштаю.

«Нам сказалі чакаць да паўгода, а праз чатыры месяцы беларускі ФСАН адказаў, што паспрабаваў перавесці пенсію на наш рахунак у банку Santader, але там плацеж адхілілі праз санкцыі. Нам прапанавалі адкрыць рахунак у банку Pekao ці PKO. Мы адкрылі рахунак у PKO ў еўра, каб пазбегчы лішніх канвертацый, і проста пераслалі яго нумар у адказе на гэты ліст».

У выніку маці Алены налічылі адным плацяжом пенсію за ўсе чатыры месяцы, пакуль разглядалі заяву. Яшчэ тры месяцы яна атрымлівала на рахунак 307 еўра пенсіі.

«А потым маці, на жаль, памерла. Я адразу даслала ў беларускі ФСАН пасведчанне аб смерці з перакладам і апастылем, мне паабяцалі налічыць матэрыяльную дапамогу на пахаванне. Пакуль чакаю», — расказала Алена.

Гісторыя 2. «Калі б ведалі пра такі доўгі час чакання, пачалі рабіць усё гэта раней»

Маці Валерыя (імя змененае) прыехала да яго ў Польшчу на пачатку 2023 года праз крымінальную справу супраць яе.

«Следчы камітэт у Гродне распачаў крымінальную справу супраць яе, хаця яна ў Гродне ніколі не была, і паставілі ёй штамп у пашпарце аб забароне выезду з краіны. Праз пару дзён мы здолелі вывезці яе з краіны з дапамогай эвакуацыйнай службы BySol.

Спачатку яна магла здымаць пенсію з беларускай карткі ў Польшчы, потым гэта рабіў яе пляменнік праз дублікат карткі — плаціў за яе камунальныя паслугі, а астатняе перадаваў у еўра праз знаёмых у Польшчу.

Але праз некаторы час скончылася дамова маці з «Беларусбанкам», працягнуць якую можна толькі праз асабісты візіт у банк. Так пенсія памерам 200 еўра перастала паступаць на картку», — зазначае Валерый.

Тым часам жанчына ў Польшчы атрымала карту побыту паводле міжнароднай абароны і падалася на індывідуальную праграму адаптацыі, праз якую атрымлівала матэрыяльную дапамогу каля 1300 злотых (каля 300 еўра) за месяц і забяспечыла сабе страхоўку на год. Але гадавая праграма хутка скончыцца, таму трэба неяк вяртаць пенсію. 

«Параіўшыся ў фэйсбуку, мы даведаліся, што праз тое, што маці не працавала ў Польшчы, ёй немагчыма будзе налічваць мінімальную пенсію ў Польшчы, а працаваць яна ў 70 гадоў ужо не можа. Таму застаецца толькі спрабаваць атрымліваць яе беларускую пенсію тут. 

Людзі папярэджвалі, што гэта амаль немагчыма, але мы надумалі паспрабаваць».

Падаваліся на перавод пенсіі Валерый з маці ва Установу сацыяльнага страхавання Варшавы ў ліпені 2024 года. Працаўнікі там таксама ніколі не сутыкаліся з такім, але заяўку прынялі і перанакіравалі яе ў Беларусь.

«Пакуль мы яшчэ чакаем адказу: паводле водгукаў, гэта можа заняць ад 8 месяцаў да года. Калі б мы ведалі пра такі доўгі час чакання, то пачалі б рабіць усё гэта раней. Таксама нам прапанавалі перыядычна тэлефанаваць у беларускі ФСАН, каб справа пайшла хутчэй.

Але з улікам таго, што ўвесь гэты час следчыя шукалі маці, пісалі і тэлефанавалі ў тэлеграм і вайбер з прапановамі вярнуцца, мы не ўпэўненыя, што ўвогуле нешта атрымаецца. Але надзея ёсць, бо нават тыя, хто сядзіць у Беларусі за кратамі, атрымліваюць пенсію».

Пенсіянеры, што працуюць, будуць атрымліваць поўную пенсію

«Тое, што хтосьці сядзіць за палітыку, з'яўляецца часткай пейзажу». Беларуска, якая наведала радзіму пасля доўгага перапынку, падзялілася ўражаннямі

76-гадовую пенсіянерку асудзілі за «абразу Лукашэнкі» і ўнеслі ў спіс «экстрэмістаў»

Nashaniva.com