Маляваныч расказаў, колькі ў яго скралі тэлефонныя махляры і чаму паверыў ім

Акцёр і тэлевядучы Аляксандр Ждановіч, найбольш вядомы як Маляваныч з «Калыханкі», расказаў «Нашай Ніве» падрабязнасці сваіх сумных прыгод з махлярамі.

21.10.2024 / 23:13

Аляксандр Ждановіч (Маляваныч). Фота з фэйсбука

Усё адбылося вечарам у пятніцу: 18 кастрычніка Аляксандр павінен быў у варшаўскім Беларускім моладзевым хабе правесці вечар батлейкі. Ён вельмі спяшаўся — бо бачыў, што ўжо спазняецца. Не хацелася, каб гледачы чакалі. У галаве былі думкі толькі аб тым, як усё ж паспець на ўласны выступ. Гэта якраз і згуляла на руку махлярам, якія патэлефанавалі акцёру ў максімальна нязручны для яго момант.

Гісторыя была класічная: «супрацоўнікі банка» паведамілі, быццам была спроба зняць грошы з рахунку Аляксандра. Для абароны трэба назваць гэта і гэта… Потым банкінг аказаўся заблакаваным.

— Махляры спачатку размаўлялі на ўкраінскай. Калі я сказаў, што дрэнна яе ведаю, перайшлі на рускую. Канешне, шмат чаго павінна было насцярожыць. Але гэтыя «артысты» мяне купілі тым, што назвалі некаторыя даныя, якія, як я думаў, маглі ведаць толькі сапраўдныя супрацоўнікі банка. Увогуле, як прафесіянал скажу: сыграна выдатна.

Калі Аляксандр зразумеў, што насамрэч адбылося, ён заблакаваў картку. У панядзелак прыйшоў у банк, дзе яму паведамілі: на валютным рахунку з 3 тысяч еўра амаль нічога не засталося. Вярнуць грошы немагчыма.

— Агулам рахунак заблакаваны. Раяць тэлефон абнавіць да першапачатковых налад і паставіць антывірус.

«Як ягня выконваў іх «парады». Тэлефонныя махляры абдурылі Маляваныча

З'явіўся відэакурс для школьнікаў «Геаграфія з Маляванычым»

Маляваныч з'язджае з Грузіі. Куды і чаму?

Адкрыта перадзамова на кнігу Маляваныча «Ровар Байсік і згублены званочак»

Nashaniva.com