Беларуска матэматычна даказала, што купляць бульбу больш выгадна, чым вырошчваць. У каментарах гарачыя спрэчкі

Крысціна вельмі моцна не хацела ў чарговы раз ехаць капаць бульбу ў вёску да бацькоў мужа, а галаслоўныя запэўніванні ў духу «выгадней купіць на рынку» не дапамагалі. Прыйшлося звярнуцца да скрупулёзнай матэматыкі. Дзяўчына ўзялася за падлікі, заключыўшы заклад на 100 рублёў са свякрухай.

22.10.2024 / 10:55

Дакладнымі разлікамі беларуска падзялілася ў тыктоку, заўважыў Onliner.

 Вось што і на якія сумы трэба для пасадкі поля на 13 сотак:

Падбіўшы ўсе выдаткі, Крысціна вывела суму ў 808,2 рублі.

Што атрымлівае сям'я за гэты кошт? 45 мяшкоў бульбы, з іх прыдатнай да ўжывання ў ежу набярэцца толькі 22 мяшкі: занадта дробная пойдзе на корм курам, сярэдняя — на насенне. Крысціне ж з мужам дастанецца толькі 7 мяшкоў.

Дзяўчына ведае, дзе шукаць адборную бульбу гатунку «Скарб» па 1 рублю за кілаграм, ды і ў вёсцы суседзі аддадуць колькі заўгодна па такім жа кошце.

Выходзіць на 808 рублёў можна, адпаведна, купіць 808 кіло клубняў — у мяшках атрымліваецца 23 штукі па 35 кілаграм. Гэта значыць на цэлы адзін мяшок больш, чым удалося вырасціць сваімі намаганнямі, але па тым жа кошце.

У каментарах чакана счапіліся дзве крайнасці.

Палова карыстальнікаў Крысціну падтрымала, маўляў, нарэшце хтосьці ўзяў і змог даказаць бацькам, што бульбачка з лецішча не бясплатная.

Некаторыя дзяўчаты прапанавалі дадаць у затраты нават аднаўленне сапсаванага на агародзе манікюру.

Другая частка апелюе да векавых традыцый, чыстага паветра і таго, што час, праведзены з роднымі за карыснай справай, потым ні за якія рублі не купіш.

Зразумела, знайшліся і дзіркі ў падліках, і выпады пра нізкую ўраджайнасць поля ў свякрухі Крысціны («з 13 сотак павінна атрымацца мінімум 100 мяшкоў»).

А «эканамісты» панура заявілі, што калі ўсе пабягуць купляць бульбу, то кошт на яе ўзляціць да нябёсаў.

Nashaniva.com