Міліцыянта, які расказаў пра збіццё людзей у РУУС, завочна асудзілі на 15 гадоў

Былога лідскага міліцыянта Юрыя Махнача завочна асудзілі да 15 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Апроч гэтага, ён мусіць выплаціць штраф у памеры 500 базавых велічыняў — 20 тысяч рублёў, піша «Вясна». 

22.10.2024 / 12:17

Суддзя Юрый Казакевіч прызнаў яго вінаватым у «аказанні дапамогі замежнай дзяржаве, іншаземнай арганізацыі і іх прадстаўнікам у правядзенні дзейнасці, якая накіраваная на шкоду нацыянальнай бяспецы Беларусі».

Юрый — гэта былы падпалкоўнік міліцыі Лідскага РАУС, камандзір роты ППС.

У жніўні 2020 году ён публічна расказаў пра падрыхтоўку міліцыі да карных «зачыстак», збіванні затрыманых. Тады ж, 18 жніўня, ён падаў у адстаўку са службы ў міліцыі. А пазней з-за небяспекі пераследу пакінуў Беларусь.

Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца з 2020 года.

Тады Аляксандр Лукашэнка, мяркуючы па інфармацыі з участкаў, дзе падлік галасоў ішоў у прысутнасці незалежных назіральнікаў, прайграў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў улады.

Па інфармацыі праваабаронцаў, за 2020—2024 гады было заведзена больш за 19 тысяч крымінальных спраў «экстрэмісцкай скіраванасці», гэта значыць, палітычнага характару. Па многіх крымінальных справах праходзяць шматлікія фігуранты.

Згодна з інфармацыяй Паўла Латушкі, прадстаўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета, з 2020 года рэпрэсіі закранулі 136 тысяч чалавек. Некалькі соцень тысяч беларусаў вымушаныя былі пакінуць краіну.

Nashaniva.com